Хісткі штат
Хісткі штат (англ.: Swing state таксама англ.: battleground state, англ.: toss-up state ці англ.: purple state) — гэта штат ЗША, у якім на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША існуе высокая канкурэнцыя паміж двума асноўнымі кандыдатамі ад дэмакратычнай і рэспубліканскай партый. Інакш кажучы, гэта змагальныя, канкурэнтныя, вагальныя штаты. У Злучаных Штатах на выбарах Прэзідэнта дзейнічае сістэма непрамых выбараў, калі непасрэдна Прэзідэнта абірае Калегія выбаршчыкаў. Колькасць выбаршчыкаў размяркоўваецца паводле колькасці насельніцтва ў штаце. Абсалютная большасць штатаў аддае ўсе галасы сваіх выбаршчыкаў кандыдату, які заняў першае месца, то бок дзейнічае мажарытарная сістэма. Такім чынам, каб выйграць выбары, кандыдату трэба атрымаць перамогу ў Калегіі выбаршчыкаў, а не проста атрымаць найбольшую колькасць галасоў. Праз гэта кампаніі кандыдатаў і агітацыя сканцэнтраваны менавіта на хісткіх штатах, у якіх кандыдаты маюць блізкія паказчыкі.