Перайсці да зместу

Свята-Мікалаеўская царква (Вільнюс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Царква
Царква перанясення мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворцы
Vilniaus Šv. Nikolajaus Stebukladario palaikų Pernešimo cerkvė
Свята-Мікольская царква
Свята-Мікольская царква
54°40′47,59″ пн. ш. 25°17′19,18″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Горад Вільнюс
Канфесія праваслаўе
Епархія Віленская і Літоўская епархія
Тып будынка парафіяльны храм
Архітэктурны стыль готыка з элементамі барока і гістарызму
Дата заснавання ~1340
Будаўніцтва 1840-я
Асноўныя даты

1350перабудова
1514перабудова
1609перадача ўніятам
1740-яперабудова
1839перадача праваслаўным
1863перабудова
1866пераасвечанне
1945зачынены
1947адкрыты прыход

пасля 1956 — рэстаўрацыя
Статус ахоўваецца дзяржавай
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Сайт orthodoxy.lt/index.php/w…
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква́ перанясе́ння мо́шчаў свяці́целя Мікала́я Цудатво́рцы (літ.: Šv. Nikolajaus Stebukladario palaikų Pernešimo cerkvė) — праваслаўная царква ў Вільні (Літва), адзін з яе найстарэйшых мураваных храмаў. Знаходзіцца ў Старым горадзе на вуліцы Дзіджойі, 12 (Вялікая, літ.: Didžioji g. 12). Помнік архітэктуры мясцовага значэння[1].

Паводле падання, першая драўляная царква на месцы цяперашняе з’явілася прыкладна ў 1340 годзе[2]. Меркавана ў ёй былі пахаваны віленскія мучанікі (цяпер знаходзяцца ў царкве Святога Духа). А ўжо ў 1350 Ульяна Цвярская, другая жонка князя Альгерда, загадала ўзвесці новы, мураваны храм, пра што нагадвае таблічка ў адной з капліцаў царквы.

Выгляд царквы ў XIX стагоддзі, да перабудовы

У 1514 занядбаная царква зноў была перабудавана вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім ў гатычным стылі. У 1609 паводле прывілею караля Жыгімонта Вазы была перададзена ўніятам, як і яшчэ адзінаццаць віленскіх храмаў.

У 1740-х царква была цалкам знішчаная пажарам і перабудаваная ў барочным стылі.

Выгляд царквы ў XIX стагоддзі, па перабудове

У 1839 расійскія ўлады зачынілі мясцовую ўніяцкую парафію і вярнулі храм праваслаўным. З 1845 ён стаў прыходскім.

Мемарыяльная таблічка на капліцы

Пасля здушэння паўстання 1863 года ён быў цалкам перабудаваны ў новавізантыйскім стылі з уласнай ініцыятывы віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Абноўленая царква мела стаць чарговым сімвалам расійскага панавання ў месце, стаўшы пятым праваслаўным храмам у Старым горадзе. Злева ад уваходу была прыбудавана капліца ў гонар Св. Міхаіла Архангела, нябеснага заступніка М. Мураўёва. У лістападзе 1866 царква была пераасвечана. Удзел генерал-губернатара ў перабудове царквы быў увекавечаны на мармуровай таблічцы з заходняга боку царквы.

Па II сусветнай вайне царква была зачынена, але ў 1947 рэжым пагадзіўся адчыніць яе. У 1949—1956 была праведзена рэстаўрацыя, а ў 1961 храм стаў прыходскім.

Цяперашні храм пабудаваны ў новавізантыйскім стылі з характэрнымі элементамі віленскага барока. Звонку пафарбаваны ў белы колер і розныя адценні ружовага і чырвонага, багата дэкараваны фрызамі і барэльефамі. Вокны паўкруглыя альбо завершаныя спічастыя. Вылучаюцца таксама дэкараваныя падобным чынам бленды (некаторыя з намаляванымі выявамі святых).

Галоўны ўваход у святыню абрамлены сціплым парталам паўкруглых дзвярэй, калідор знаходзіцца пад стрэлападобнай вежай, завершанай залатым крыжам, а дабудаваная ў XIX стагоддзі апсіда завершана купалам, таксама з крыжам. Купал атачае шэраг цыбулепадобных сігнатурак.

Зноскі

  1. Pilnas aprašas(літ.) // Duomenų bazė Voruta. — Kultūros paveldo departamentas prie Kultūros ministerijos. Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2014.
  2. Vladas Drėma. Dingęs Vilnius. Vilnius: Vaga, 1991. ISBN 5-415-00366-5. P. 178. (літ.)
  • А. А. Виноградов. Путеводитель по городу Вильне. — Вильна, 1908.
  • Г. Шлевис. Православные храмы Литвы. — Вильнюс: Свято-Духов монастырь, 2006. — ISBN 9986-559-62-6.