Гатычная архітэктура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фасад Рэймскага сабора

Гатычная архітэктура — перыяд развіцця заходне- і цэнтральнаеўрапейскай архітэктуры, які адпавядае сталаму і позняму Сярэднявеччу (з канца XII па пачатак XVI стагоддзя). Гатычная архітэктура змяніла архітэктуру раманскай эпохі і ў сваю чаргу саступіла месца архітэктуры перыяду Адраджэння.

Паняцце[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін «готыка» ўпершыню з’явіўся ў творах Джорджа Вазары (15111574 гг.). У гэты час ён меў адназначна адмоўны сэнс і ахопліваў вельмі шырокі адрэзак часу. Для Вазары гатычная архітэктура ўключала абсалютна ўсе пабудовы, якія з’явіліся ў Заходняй Еўропе пасля рымскага перыяду і да пачатку Рэнесанса. У XIX ст. пасля ўвядзення ў навуковы ўжытак терміна «раманскі стыль», былі ўдакладнены і межы готыкі: XIIXV/XVI ст. Пры гэтым вылучаюць раннюю, высокую і познюю готыку.

Каркас гатычнага храма
Скляпенні Вінчэстэрскага сабора
Вітражы Святой капэлы Людовіка IX

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Гатычная архітэктура прадстаўлена шматлікімі пабудовамі — тут ёсць і свецкія будынкі і своеасаблівая планіроўка гарадоў, але галоўны помнік готыкі — гэта сабор, які трэба разглядаць як вышэйшы ўзровень сінтэзу архітэктуры, скульптуры, мастацтва (вітражы). Пры гэтым вялізная прастора сабора літаральна рвалася ў неба. Рытму пабудовы падпарадкоўваліся статуі. Узмацнялі ўражанне незвычайныя эфекты ад святла, якое праходзіла праз маляўнічыя вітражы. Тэхнічнай асновай готыкі стала вынаходства складанай каркаснай структуры. Спачатку рабілі каркас звода з каменных слупоў. Потым прамежкі паміж аркамі (нервюрамі) запаўнялі больш лёгкімі камянямі. Умацоўвалі звод пры дапамозе апорных слупоў — контрфорсаў, пасля чаго звод звязвалі з контрфорсамі спецыяльнымі апорнымі аркамі — аркбутанамі. У выніку шырокія масіўныя муры, якімі вызначаліся раманскія пабудовы, сталі непатрэбнымі — вага скляпення размяркоўвалася на большую плошчу (праз контрфорсы). Цяпер архітэктары вельмі проста праразалі муры высокімі вокнамі і шырокімі аркамі, якія рваліся ўгару.

У плане гатычны сабор уяўляў сабой трох- ці пяцінефную базіліку з трансептам, дэамбулаторыем (паўкруглы абыход хора), да якога прымыкаў «вянок капэл» (радыяльныя капэлы — месцы для малітвы асобнай сям’і). Абавязковымі элементамі гатычнага касцёла было акно круглай формы з асаблівым малюнкам вітража («гатычная ружа») і наяўнасць дзвюх вежаў у заходняй частцы будынка (апошні элемент, мабыць, своеасаблівы перажытак германскага язычніцтва). Справа ў тым, што паводле светаўспрымання старажытных германцаў пасля заходу сонца менавіта з захаду прыходзяць дэманы цемры, ад якіх і абаранялі людзей вежы.

Кёльнскі сабор

Найбольш вядомымі помнікамі гатычнага стылю лічацца Кёльнскі сабор (пяцінефная базіліка, даўжыня — 144 м, вышыня — 157 м, будаўніцтва пачата ў 1248 г., закончана ў асноўным у 1560 г., цалкам — у 18421880 гг. з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў і тэхналогій) і сабор Парыжскай Божай Маці (пяцінефная базіліка, даўжыня — 129 м, вышыня вежаў — 69 м, будаваўся ў 1163—1250 гг., вежы былі незавершаны).

У канцы XIII ст. будаўніцтва гатычных сабораў пакрыху спыняецца. У 1284 г. абрушыліся зводы сабора ў Бавэ. Прыпынілася будаванне сабораў у Нарбоне (1286 г.), Кёльне (1322 г.), Сіене (1366 г.), што тлумачылася тэхнічным тупіком, у які трапілі будаўнікі. Зыходзячы з набору рабочых эскізаў, вядомых як «Альбом Вілара дэ Анекура  (укр.)» (каля 1235 г.), можна зрабіць выснову, што пры пабудове сабора дойліды амаль выключна арыентаваліся на геаметрычныя прапорцыі, асновы якіх былі закладзены тэалогіяй і сімволікай лічбаў. Падобная практыка магла спрацоўваць толькі да моманту, пакуль не пачыналіся складанасці, звязаныя з супраціўленнем матэрыялаў, аб чым сярэдневяковыя дойліды проста не ведалі.

Неагатычная архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструяваная Віёле-ле-Дзюкам Каркасонская крэпасць на поўдні Францыі

Мода на готыку вярнулася ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, першапачаткова атрымаўшы распаўсюджванне сярод брытанскіх арыстакратаў. У эпоху рамантызму на хвалі ідэалізацыі Сярэднявечча готыкай «захварэла» і кантынентальная Еўропа. Такія аўтары, як Джон Роскін, пераацанілі ўвесь шлях развіцця еўрапейскай архітэктуры з новых пазіцый, якія не прадугледжвалі прыярытэту антычнасці. Француз Віёле-ле-Дзюк рэалізаваў нямала маштабных праектаў рэканструкцыі паўразбураных помнікаў Сярэднявечча, «дадумаўшы» адсутныя элементы і падхарашыўшы многія з іх. Агастэс П’юджын зрабіў неаготыку нацыянальным стылем Брытанскай імперыі віктарыянскага перыяду. У калоніях змешванне готыкі з нацыянальнымі традыцыямі давала такія мудрагелістыя гібрыды, як інда-сарацынскі стыль.

Услед за рэстаўрацыяй гатычных збудаванняў пачалася актыўная дабудоўка гатычных сабораў Іспаніі, Германіі, Чэхіі (закінутых яшчэ ў часы Сярэднявечча, як, напрыклад, Кёльнскі сабор), а ў XX стагоддзі прыйшлося падымаць з руін гатычныя саборы, знішчаныя падчас сусветных войнаў. На тэрыторыі Расійскай імперыі найбуйнейшым замоўцам неагатычных збудаванняў напачатку XX стагоддзя выступала каталіцкая царква, якая развярнула праграму будаўніцтва касцёлаў для сваёй паствы.

Вывучэнне спадчыны гатычнай архітэктуры[правіць | правіць зыходнік]

Старонка з Альбома Вілара дэ Анекура

Аднаўленне і рэстаўрацыя помнікаў гатычнай архітэктуры ідуць рука ў руку са старанным вывучэннем архіваў, надмагілляў эпохі готыкі, археалагічнымі раскопкамі. Сакратар французскага гістарычнага камітэта Эжэн Дзідрон-старэйшы на працягу 37 гадоў (з 1844 па 1881) публікаваў «Археалагічныя аналы» з архіўнымі тэкстамі, імёнамі забытых сярэднявечных майстроў, чарцяжамі пабудоў той эпохі, а таксама легендамі пра ўзвядзенне сярэднявечных будынкаў. Вучоны Эміль Маль апрацаваў велізарны аб’ём інфармацыі па раманскай і гатычнай архітэктуры, назапашанай рознымі даследчыкамі. Ганс Ханлозер у 1935 годзе апублікаваў капітальнае даследаванне так званага альбома Вілара дэ Анекура, унікальнага помніка-рукапісу і практычна дзённіка архітэктара эпохі готыкі першай паловы XIII стагоддзя.

Сярод значных навуковых падзей XX стагоддзя — Міжнародны калоквіум 1983 года ў горадзе Рэн (Францыя) па праблемах вывучэння сярэднявечнага мастацтва і гатычнай архітэктуры.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Муратова К. М. Мастера французской готики 12-13 вв. — М.: Иссство, 1988. (руск.)
  • Michael Thimann: Gedächtnis und Bild-Kunst. Die Ordnung des Künstlerwissens in Joachim von Sandrarts Teutscher Academie, Freiburg: Rombach, 2007.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]