Эра Селеўкідаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Эра Селеўкідаў (лац. Anno Graecorum, або AG) пачалася 1 кастрычніка 312 да н.э. Заваяваўшы зноў Вавілон у жніўні 312 да н.э., Селеўк I Нікатар у 12-ы год кіравання Аляксандра IV пачаў лічыць час паводле гадоў свайго намесніцтва. У гэтым ён браў прыклад з Антыгона і іншых намеснікаў Вавілоніі.

Паводле вавілонскага календара, 12-ы год кіравання Аляксандра IV пачаўся 2 красавіка 312 да н.э. Македонцы, аднак, лічылі гады кіравання Аляксандра IV ад смерці Філіпа III Арыдэя увосень 317 да н.э. Такім чынам, для іх 2-гі год кіравання намесніка Селеўка пачаўся ўвосень 311 года да н.э., у той час як для вавіланян гэты ж год пачаўся 22 красавіка 310 да н.э. Стаўшы царом, Селеўк працягваў лічыць і гады свайго намесніцтва. Для двара год селеўкідскай эры пачынаўся паміж 1-м чыслом месяца лоас і 1-м чыслом месяца дыяс, гэта значыць познім летам або ранняй восенню.

Злічэнне па эры Селеўкідаў ужывалася ў некаторых раёнах Блізкага Усходу аж да цяперашняга часу. З яго бралі прыклад некаторыя ўсходнія дынастыі: Аршакіды ў Парфіі (нягледзячы на тое, што ў грэчаскіх гарадах Парфянскага царства злічэнне эры пачыналася з восені 248 да н.э., яны таксама выкарыстоўвалі і «стары стыль» — эру Селеўкідаў), Дэдалсіды ў Віфініі, Мітрыдаціды ў Понце, нашчадкі Мітрыдата VI і дынастыя Рэскупарыдаў у Баспорскім царстве.

Злічэнне паводле гадоў эры Селеўкідаў выкарыстоўвалася пазней арабскімі астраномамі. Арабы называлі яе «эрай Аляксандра», хоць аль-Біруні разумеў, што гэта памылка.

У сірыйскіх тэкстах датаванне паводле «блаславёных грэкаў» (l-yawnāyē brīḵē), гэта значыць паводле Селеўкідскай эры, выкарыстоўвалася аж да XX стагоддзя[1].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Ludger Bernhard, Die Chronologie der syrischen Handschriften. (Verzeichnis der orientalischen Handschriften in Deutschland, Suppl. 14) — Wiesbaden, 1971

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Идельсон Н. И. История календаря. — Л., 1925.
  • Skeat T.-C. Papyri from Panopolis in the Chester Beatty Library. — Dublin, 1964.
  • Каменцева Е. И. Хронология. — М., 1967.
  • Селешников С. И. История календаря и хронология. — М., 1970.
  • Сюзюмов М. Я. Хронология всеобщая. — Свердловск, 1971.
  • Бикерман Э. Хронология древнего мира. Ближний Восток и античность. / Перевод И. М. Стеблин-Каменского. — М., 1975.
  • Климишин И. А. Календарь и хронология. — М., 1990.
  • Постников М. М. Критическое исследование хронологии древнего мира. — T. I. — М., 2000.