Напярэдадні бою партызанскія разведчыкі праніклі ў вёску Юхнаўка, вывучылі размяшчэнне ўмацаванняў, агнявых кропак, пастоў аховы. На досвітку 13 жніўня партызаны на чале з намеснікам камандзіра брыгады «Жалязняк» А. В. Склярэнкам пайшлі на штурм гарнізона і авалодалі Юхнаўкай. Спробы праціўніка выбіць партызан з вёскі поспеху не мелі. У выніку бою партызаны знішчылі каля 80 гітлераўцаў, у тым ліку камандзіра і начальніка штаба нямецкага батальёна, узялі ў палон 48 салдат і 3 афіцэраў, захапілі трафеі: 45-міліметровую пушку, 2 мінамёты, 7 кулямётаў, больш 60 вінтовак, 3 аўтаматы, 32 тысячы патронаў, 40 падвод з харчаваннем і амуніцыяй, рацыю, штабныя дакументы і шыфр батальёна. У час бою загінулі 2 партызаны.
М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.