Перайсці да зместу

58-ы артыкул

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
58-ы артыкул
Дата заснавання / стварэння 25 лютага 1927
Краіна
Юрысдыкцыя распаўсюджваецца на РСФСР
Дата заканчэння 1961

58 артыкул асаблівай часткі крымінальнага кодэкса РСФСР быў прыняты 25 лютага 1927 года і потым шматразова перагледжаны. Прадугледжваў пакаранні за дзяржаўныя, контррэвалюцыйныя злачынствы.

Дадзены «палітычны» артыкул набольш за ўсё вядомы тым, што па ім праходзіла найбольшая частка ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Асуджаныя па ім атрымоўвалі афіцыйны статус «ворага народа». Падобныя артыкулы існавалі і ў крымінальных кодэксах саюзных рэспублік.

Пасля хрушчоўскай дэсталінізацыі крымінальны кодэкс быў істотна перапісаны.

Пункты і пакаранні

[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэй прыводзяцца пункты 58 артыкула і прадугледжаныя за іх пакаранні (са змяненнямі на 1 ліпеня 1938 года).

  • 58-1

Гэты пункт выносіць вызначэнне паняццю «контррэвалюцыйная дзейнасць» — такой лічыцца дзейнасць супраць СССР, іншых сацыялістычных дзяржаў, або супраць заваёваў пралятарскай рэвалюцыі.

  • 58-1а

Здрада Радзіме на шкоду ваеннай магутнасці або дзяржаўнай незалежнасці СССР (шпіянаж, выдача ваеннай тайны, пераход да ворага, уцёкі за мяжу).

Пакаранне: Расстрэл або 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-1б

Тыя ж злачынствы, здзейсненыя ваеннымі Чырвонай Арміі.

Пакаранне: Расстрэл.

  • 58-1в

Для членаў сям’і ваенных п. 58-1б, якія ведалі, але не паведамілі органам пра падрыхтоўку да злачынства.

Пакаранне: ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Для ўсіх паўнагадовых членаў сям’і, якія пражывалі з гэтым ваенным:

Пакаранне: ссылка на 5 гадоў у Сібір.

  • 58-1г

Неданясенне ваенным пра здраду, якая рыхтуецца.

Пакаранне: 10 гадоў пазбаўлення волі.

  • 58-2

Узброенае паўстанне, уварванне на тэрыторыю СССР з мэтай контррэвалюцыі, захоп улады, сепаратызм.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-3

Адносіны ў контррэвалюцыйных мэтах з замежнымі дзяржавамі, дапамога варожым дзяржавам.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-4

Дапамога міжнароднай буржуазіі, удзел у антысавецкіх групах і арганізацыях.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя, альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-5

Схіленне замежнай дзяржавы ці яе прадстаўнікоў да варожых дзеянняў адносна СССР.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-6

Шпіянаж.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя з канфіскацыяй, альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

У выпадках, калі збіралася інфармацыя, якая не была дзяржаўнай тайнай:

Пакаранне: ад 3 гадоў пазбаўлення волі.

  • 58-7

Падрыў прамысловасці, транспарту, гандлю, крэдытнай сістэмы, сабатаж, выкарыстоўванне альбо супрацьдзеянне дзяржаўным прадпрыемствам у інтарэсах капіталістаў (г. зв. «шкодніцтва»).

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-8

Тэрарызм супраць прадстаўнікоў савецкай улады, удзел у тэрарыстычнай дзейнасці.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-9

Знішчэнне сацыялістычнай маёмасці з контррэвалюцыйнымі мэтамі

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-10

Антысавецкая прапаганда і агітацыя, выраб і хаванне антысавецкай літаратуры.

Пакаранне: ад 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Тыя ж дзеянні пры народных хваляваннях, пры ваенным стане, альбо з выкарыстоўваннем рэлігійных ці нацыянальных забабонаў:

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-11

Усякая дзейнасць, накіраваная да здзяйснення злачынстваў, прадугледжаных у гэтым раздзеле.

Пакаранне: меры пакарання, указаныя ў адпаведных артыкулах гэтага раздзела.

  • 58-12

Неданясенне аб вядомым ці здзейсненым контррэвалюцыйным злачынстве, або падрыхтоўцы да яго.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-13

Актыўныя дзеянні ці змаганне супраць працоўнага класа і рэвалюцыйнага руху пры царскім ладзе або ў контррэвалюцыйных урадах у час грамадзянскай вайны.

Пакаранне: Расстрэл, дэпартацыя альбо ад 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

  • 58-14

Контррэвалюцыйны сабатаж.

Пакаранне: ад 1 года пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй ці часткі маёмасці, пры абцяжваючых абставінах — аж да расстрэлу.

  • Крымінальны кодэкс РСФСР, са змяненнямі на 1 ліпеня 1938 г. Юрыдычнае выдавецтва Народнага Камісарыята Юстыцыі СССР, 1938 г. С. 27-32.