Цела злёгку сціснутае з бакоў, даўжыня да 12-25 мм. Покрывы паўпразрыстыя, што робіць гэтых рачкоў незаўважнымі для драпежнікаў. Жабраногі ўвесь час знаходзяцца ў руху, плаваючы спінным бокам цела ўніз.
На галаве добра заўважнае шво, якое раздзяляе яе на дзве часткі. Пярэдняя частка нясе антэны, задняя — ротавыя канечнасці, прыкрытыя верхняй губой. Маецца пара фасетачных вачэй на доўгіх рухомых сцяблінках і наупліяльнае вочка. Грудны аддзел складаецца з 11 сегментаў і нясе лістападобныя плавальныя канечнасці. Брушка доўгае, цыліндрычнае, складаецца з 9 сегментаў. У самцоў на ім маюцца два капулятыўных органы, у самак прымацоўваецца яйцавы мяшок. Брушны аддзел заканчваецца адросткам (тэльсанам) з вілачкамі, пакрытымі валаскамі.
Кожная ножка складаецца з асноўнага членіка і некалькіміх прыдаткаў, адзін з якіх відазменены ў жабру.
Кормам жабраногам служаць раслінны і жывёльны планктон і арганічны дэтрыт, завіслы ў вадзе. Пры недахопе пажыўных рэчываў жабраног падплывае да дна і ўзмучвае там глеістыя адклады.
Рух ножак жабраногаў паслядоўны. Рухаючыся назад, канечнасці штурхаюць цела рачка, а загінаючыся ўніз, ствараюць ток вады з харчовымі часцінкамі, які накіроўваецца па баразёнцы на брушным баку цела да рота.
Яйцы могуць трываць высыханне (нават да некалькіх месяцаў)[1]. Пасля ўзнікнення часовых вадаёмаў з яец вельмі хутка выходзяць лічынкі (праз 2 гадзіны), якія прыкладна цераз 8 дзён становяцца дарослымі асобінамі[2].