Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя).
Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўночнага паўшар'я, асабліва ў Міжземнамор'і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў, найбольш вядомыя вапнаўка(Gypsophila), галадок, гваздзік(Dianthus), гладун(Herniaria), зорка(Lychnis), зоркаўка(Stellaria), куколь(Agrostemma), мыльнік(Saponaria), пясчанка, светнік(Coronaria), свінакроп(Spergula), смалянка(Melandrium), смалёўка(Silene), талянка, тысячагалоў(Vaccaria), ясколка(Cerastium) і больш за 70 відаў. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.