Перайсці да зместу

Der Angriff

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Der Angriff
Арыгінальная
назва
ням.: Der Angriff
Тып газета
Заснавальнік Паўль Ёзэф Гебельс
Уладальнік Нацыянал-сацыялістычная нямецкая рабочая партыя
Краіна
Заснавана 7 красавіка 1927
Спыненне публікацый 24 красавіка 1945
Мова нямецкая
Кошт 0,1 Рэйхсмарка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Загаловак Der Angriff ад 30 студзеня 1933 года (прыход да ўлады Адольфа Гітлера)

Der Angriff (вымаўляецца: Дэр ангрыф, даслоўна — Атака) — антысеміцкая і антыкамуністычная газета, якая выдавалася ў нацысцкай Германіі ў Берліне мясцовым гаў НСДАП.

Газета была створана гаўляйтарам Берліна Ёзэфам Гебельсам. Першы нумар выйшаў 4 ліпеня 1927 года. Газета выдавалася галоўным чынам на грошы з партыйнай казны НСДАП. Спачатку галоўная яе праблема заключалася ў недахопе грошай, так што Гебельсу прыйшлося ўнесці ў новае прадпрыемства 2000 марак са сваіх асабістых сродкаў. Першым галоўным рэдактарам газеты быў Вілі Краўзэ (друкаваўся пад псеўданімам Пітэр Хаген), яго пераемнікам стаў Юліус Ліпперт, а з 1935 года газету ўзначальваў Ханс Шварц ван Верк, сябар выдаўца Гебельса.

Нямецкія паліцэйскія каля рэдакцыі Der Angriff у Берліне (1932)

Новая газета была задумана як «выданне на ўсе густы» і мела на першай старонцы дэвіз: «Няхай жывуць прыгнечаныя, далоў эксплуататараў!» Галоўным жаданнем Гебельса было прыцягненне масавага чытача, і дзеля гэтага ён імкнуўся пісаць у папулярнай манеры, адмовіўшыся ад усякай аб’ектыўнасці. Ён быў перакананы ў непатрабавальнасці масавай свядомасці і ў прыхільнасці мас да простых аднабаковых рашэнняў.

Першапачаткова газета выходзіла па панядзелках, затым стала друкавацца 2 разы на тыдзень, а з лістапада 1940 года стала штодзённай. У газеце друкаваліся нацысцкія заклікі супраць Веймарскай рэспублікі, антысеміцкая і антыкамуністычная прапаганда. Падзагалоўкам газеты было «Далоў прыгнятальнікаў!». У адрозненне ад афіцыйнай партыйнай газеты «Völkischer Beobachter», «Der Angriff» была асабістым рупарам Гебельса і служыла, галоўным чынам, для выражэння яго поглядаў. Свае палемічныя і скандальныя артыкулы ён заўсёды пісаў на першай паласе, падпісваючы іх «Dr. G». Адной з любімых мішэняў для нападаў газеты быў Бернхард Вайс, намеснік кіраўніка Берлінскай паліцыі, яўрэй па нацыянальнасці. За гэтыя выпады ў лістападзе 1931 года выпуск газеты быў часова спынены кіраўніком паліцыі Берліна.

У 1927 годзе тыраж газеты быў каля 2000 асобнікаў, у 1936 годзе ён вырас да 150 000, а ў 1940-м — да 306 000.

Пасля прыходу да ўлады нацыстаў у 1933 годзе ўплыў газеты некалькі паменшыўся. Пасля пачатку бамбардзіровак Берліна ў 1944 года тыраж газеты, якая спрабавала падняць маральны дух берлінцаў, вырас. Газета працягвала выходзіць да 1945 года, яе выпуск быў спынены толькі 24 красавіка 1945 года, незадоўга да капітуляцыі Германіі.

  • Е. Брамштедте, Г. Фрэнкель, Р. Манвелл. Йозеф Геббельс — Мефистофель усмехается из прошлого. 2000, ISBN 5-222-00968-8