Спарафоры ў энэртэнэмы — гэта спарангіі цёмна-карычневага колеру на ножках (вышыня 0,8–2 мм, дыяметр 0,4–0,7 мм). Ножка пашырана каля асновы, валакністая. Калонка з’яўляецца працягам ножкі, дасягае верху і заканчваецца пашырэннем, падобным на бліскучы дыск. Капіліцый адыходзіць ад краёў дыска ў выглядзе простых, доўгіх і слаба разгалінаваных валаконцаў. Перыдый цалкам разбураецца пры выспяванні спарангія. Споры карычневыя, цёмна-карычневыя, чорныя ў згуртаванні і светла-жаўтлява-карычневыя, карычневыя, аліўкавыя ў праходзячым святле. Па форме шарападобныя, размяшчаюцца паасобку або часам згуртаваныя і арнаментаваныя маленькімі шыпамі. Дыяметр спор 10–14 мкм.
Субстрат: кара жывых дрэў і кустоўя, раслінныя рэшткі. На Беларусі адзначаны адзін від: Enerthenema papillatum.