Самы буйны і найбольш распаўсюджаны з крахалёў, сваімі памерамі праўзыходзіць крыжанку. Даўжыня цела 60-70 см, маса да 2 кг. Шыя і дзюба доўгія. Характэрная афарбоўка апярэння дазваляе лёгка распазнаць птушку. У самца галава і верхняя частка шыі чорныя, з металічным зеленаватым бляскам. Астатняя яе частка, бакі і ніз цела белыя. Пярэдняя частка спіны чорная, сярэдзіна і надхвосце цёмна-попельна-шэрыя. У самкі бакі, галава і шыя рыжавата-бурыя, пёры на баках з светлай аблямоўкай. Спіна попельна-шэрая з чарнаватымі стракацінамі. Брушка белае.
У адрозненне ад большасці іншых качак, харчуецца не расліннымі кармамі, а рыбай — пра гэта сведчаць вострыя зубы на кручкаватай дзюбе, якімі птушкі трымаюць слізкую здабычу.
На большай частцы арэала нешматлікая пералётная птушка. Гнездавая вобласць ахоплівае пераважна лясную зону Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, а таксама горныя мясцовасці Сярэдняй Азіі, Гімалаяў і Тыбета. Асноўныя зімоўкі паблізу атлантычнага і ціхаакіянскага ўзбярэжжаў Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі, у раёнах Міжземнамор'я і Чорнага мора, на поўдні Каспійскага мора і ў шэрагу іншых паўднёвых раёнаў Азіі. У Беларусі вельмі рэдкі на гнездаванні (толькі ў паўночнай палове краіны), пералётны, транзітна мігрыруючы і ў нязначнай колькасці зімуючы від.
Як правіла, трымаецца парамі альбо невялікімі групамі, але часам у месцах зімовак фарміруе вялікія чароды, якія складаюцца з некалькіх тысяч асобін. Корм выключна жывёльны, аснову якога складае разнастайная рыба, часам даўжынёй да 18 см.
Для гнездавання вялікі крахаль выбірае мясціны з хуткаплыннымі рэкамі і чыстымі, глыбокімі і багатымі рыбай азёрамі, чым, уласна, і тлумачыцца яго абмежаванае пашырэнне ў Беларусі (іх тут няшмат). Гнёзды будуе часцей за ўсё ў дуплах дрэў паблізу вадаёмаў на вышыні ад 1 да 18 м. Там, дзе гэтыя птушкі не рэдкасць, яны ахвотна засяляюць штучныя гняздоўі.
Гняздуецца з сярэдзіны траўня. У поўнай кладцы 8-15 белых ці белаватых яек памерамі 55-74 x 37-50 мм. Наседжванне на працягу 32 сутак. Птушаняты растуць павольна і толькі ва ўзросце 60-70 дзён набываюць здольнасць лётаць.