Касмапаліты. У сусветнай фаўне каля 2000 відаў. У трапічных лясах Паўднёвай Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры. На Беларусі 21 від, найбольш пашыраны сенніца, малы лясны сатыр, матыль мяцёлчаты.
Матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невялікімі вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрытыя кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.