Шматгадовая травяністая расліна з пустым баразнаватым, пад кошыкамі крыху ўздутым голым сцяблом вышынёй 25-50 см і вельмі доўгім (да 2 м і больш) тоўстым маршчыністым сцеблакоранем (каўдэксам), каранёвая шыйка якога апранута шматлікімі шчацінкападобнымі валакністымі рэшткамі чаранкоў леташняга лісця. Лісце голае шызаватае або зялёнае (рэдка), ад ланцэтнага да шырокаланцэтнага, па краях роўнае або слабахвалістае, на крылатых чаранках, у прыкаранёвай разетцы. Сцябловае лісце (2-3) дробнае, лускападобнае. Язычковыя кветкі жоўтыя, сабраны ў адзіночныя кошыкі на канцах сцябла. Абгортка чарапіцавая, голая з шырока-яйкападобнымі і прадаўгаватымі лісцікамі, па краі з плеўкавай каймой. Плод — сямянка з чубком.[3].
Усходняя Еўропа (поўнач, Урал), Заходняя і Усходняя Сібір (поўдзень), Манголія, Японія, Кітай. Рэліктавы барэальны горна-тайговы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваным лакалітэце на значным выдаленні ад паўднёвай мяжы паўночна-еўрапейскага раўнінна-тайговага фрагмента арэала. Вядомы ў Мядзельскім раёне (наваколлі в. Ольшава) Мінскай вобласці[3].