Секвоядэндран (Sequoiadendron) — род дрэў сямейства кіпарысавыя (Cupressaceae), адзіны сучасны від — секвоядэндран гіганцкі (Sequoiadendron giganteum), таксама называюць велінгтонія, гіганцкая секвоя, вялікае дрэва, мамантавае дрэва. Адно з самых магутных сучасных дрэў-доўгажыхароў.
Назву від атрымаў з-за аграмадных памераў і знешняга падабенства яго вялізных віслых галін з біўнямімаманта.
Гіганцкія вечназялёныя аднадомныя дрэвы, вышыня да 95 м і дыяметр ствала да 9 (11) м. Ствол прамы, стройны, у старых дрэў свабодны ад галін амаль да палавіны. Камлёвая частка ствала пашыраная. Кара чырванавата-карычневая, вельмі тоўстая, парэпаная, валакністая. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона густая, спачатку канічная, пасля круглявая, высока размешчаная на ствале. Парасткі слаба дыферэнцыраваны на пакарочаныя і падоўжаныя. Ігліца размешчана спіральна, чаргаваная, трохрадная, простая, суцэльная, суцэльнакраёвая, лускападобная або ігольчастая, без залозак, прыціснута да парасткаў; даўжыня 38 мм.
Шышкі.
Мужчынскія шышкі дробныя, шарападобныя або даўгаватыя, жаўтаватыя, адзінкавыя; даўжыня 4–8 мм. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, даўгаватыя, паніклыя, з 12–23 парамі шчытападобных лускавінак, доўгі час застаюцца зялёнымі; даўжыня 50–80 (90) мм. Пры выспяванні, якое цягнецца два гады пасля апылення, становяцца чырванавата-карычневымі. Доўга (да 20 гадоў) застаюцца на дрэвах, ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума вузкімі крылцамі.
Гэты від быў шырока распаўсюджаны ў паўночным паўшар'і ў канцы крэйдавага перыяду і ў трацічным перыядзе, зараз захавалася толькі каля 30 гаёў, якія знаходзяцца на заходнім схіле Сьера-Невада ў Каліфорніі на вышыні 1500—2000 м над узроўнем мора. Менавіта cеквоядэндраны (а не секвоі) можна ўбачыць у нацыянальным парку Секвоя. Культывуецца ў парках і садах Сярэдняй Еўропы і на поўдні Еўразіі.
Жывуць да 2,5 тыс. (паводле іншых звестах, да 3—4 тыс.) гадоў. Некаторыя гіганцкія экзэмпляры маюць уласныя імёны.
Дэкаратыўныя расліны. Святлалюбны, цеплалюбны, умерана зімаўстойлівы від, добра расце на водапранікальнай, вапнавай, урадлівай глебе і пры высокай вільготнасці паветра. Даволі добра пераносіць гарадскія умовы, досыць лёгка размнажаецца вегетатыўна.
Драўніна лёгкая, мяккая, устойлівая да гніення, раней шырока выкарыстоўвалася ў будаўніцтве, для вырабу шпал, слупоў, запалак і розных прадметаў быту. Каштоўнае манументальнае дэкаратыўнае дрэва. Мае шмат сартоў, што адрозніваюцца афарбоўкай і памерам лістоў, хуткасцю і формай росту. У культуры больш распаўсюджаны павольнарослыя, кампактныя культывары. У межах першаснага арэала знаходзіцца пад аховай.
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярджэнняў няясныя з прычыны неўжывання зносак.
Сцвярджэнні, не падмацаваныя крыніцамі, могуць паставіць пад сумненне і выдаліць. Вы можаце палепшыць артыкул, дадаўшы дакладнейшыя спасылкі на крыніцы.