Тладыянта няпэўная[3][4] (Thladiantha dubia) — расліна роду Тладыянта (Thladiantha) сямейства Гарбузовыя (Cucurbitaceae), якая расце на расійскім Далёкім Усходзе і ў Паўночна-Усходнім Кітаі, дзе абмежавана культывуецца ў дэкаратыўных мэтах. Яна таксама інтрадукавана ў краіны Еўропы, ЗША і Канаду.
Тладыянта няпэўная — шматгадовая травяністая ўчэпістая двухдомная ліяна з адтапырана-валасістымі сцебламі і з сэрцападобным цэльнакрайнім, з вонкавага боку лямцавым лісцем. Плады, якія памерам і формай нагадваюць дробныя агуркі (3 х 7-8 см), да канца верасня чырванеюць, становяцца мяккімі і вельмі салодкімі. У мякаці заключана 40-100 цёмных насенін з цвердай лупінай.
Жыццё тладыянты няпэўнай цесна звязаная з яе апыляльнікам— маленечкай дзікай пчалой віду Ctenoplectra davidi. Гэта насякомае з вечара залазіць у раскрыты бутон мужчынскай кветкі. Пераначаваўшы ў цяпле, пчолка на наступную раніцу пералятае да жаночай кветкі і пакідае прынесены пылок на лычык. Гэтая пчолка ніколі не наведвае бахчавыя культуры і, наадварот, свойскія пчолы, а таксама чмялі і восы, якія апыляюць агуркі, дыні і гарбузы, не заўважаюць кветак тладыянты няпэўнай. Мабыць, гэта акалічнасць і прывяла да таго, што ў тладыянты няпэўнай над насенным размнажэннем пераважае вегетатыўнае.
На кожным нізка нахіленым над зямлёй участку надземнага парастка і на ўсіх падземных парастках фармуецца ланцужок клубняў памерам 2-8 см, неядомых. Так як з кожнага клубня наступнай вясной выцягваецца новы парастак і пад зямлёй зноў вырастаюць злучаныя ў выглядзе ланцужкі клубні, то расліна на працягу некалькіх гадоў займае даволі вялікую плошчу (да 10-12 квадратных метраў), утвараючы густую і хутка павялічвальную ў аб’ёме групу.