Перайсці да зместу

Ліпа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Tilia)
Ліпа

Кветкі Tilia insularis
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Tilia L., 1753

Тыпавы від

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  21535
NCBI  64580
EOL  39692789
IPNI  39532-1
FW  56055

Лі́па[2] (Tilia) — род лістападных дрэў сямейства Ліпавыя (Tiliaceae).

Дрэвы вышынёй да 15—20 м (часам да 40 м) з шырокай раскідзістай кронай, дыяметрам ствала да 2 м. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце чаранковае, нераўнабокае, круглавата-сэрцападобнае, завостранае, пілаватае. Кветкі двухполыя, жоўтыя, або жоўта-белыя, духмяныя, у шчытападобных пазушных суквеццях (паўпарасоніках). Плод — арэшак. Садовыя формы адрозніваюцца сілуэтам кроны, афарбоўкай лісця і кветак.

Цене-, мароза- і ветраўстойлівае дрэва. Жыве 300—400 гадоў.

Выдзяляецца каля 45 відаў, характэрных для ўмерана цёплых абласцей Паўночнага паўшар’я; сустракаюцца ў горных раёнах тропікаў (паўднёвы ўсход Кітая) і субтропікаў (Кітай і Індакітай). Растуць у мяшаных і шыракалістых лясах, на схілах гор і па рачных далінах, а таксама культывуюцца ў садах і парках, прыдарожных пасадках і лесапалосах.

Чмель земляны (Bombus terrestris) на ліпе драбналістай (Tilia cordata), Эстонія.

Ліпа драбналістая (Tilia cordata) пашырана на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў шыракалістых лясах. У садах і парках каля 30 інтрадукаваных відаў, разнавіднасцей і форм, у тым ліку: ліпа раскідзістая, ліпа амерыканская (Tilia americana), ліпа амурская (Tilia amurensis), ліпа лямцавая, ліпа еўрапейская (Tilia europaea), ліпа крымская, ліпа буйналістая (Tilia platyphyllos). Цвітуць ліпы ў чэрвеніжніўні.

Ліпавыя лясы (ліпнякі) сустракаюцца ва ўмераным клімаце ад Вялікабрытаніі да Енісея і ад Ірана да 63° пн.ш. Ліпа з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных парод дрэў у Расіі, асабліва ў еўрапейскай частцы і на Урале, часта расце разам з іншымі відамі дрэў (дуб, клён, вяз). На Беларусі ліпнякі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы[3].

Драўніна ліпы.

Драўніна ліпы — белая з ружаватым адценнем, лёгка паддаецца апрацоўцы. З яе вырабляюць драўляны посуд, фанеру, запалкі, музычныя прылады, мэблю. Луб маладых дрэў (лыка) шырока выкарыстоўваўся для пляцення лапцей і іншых вырабаў сялянскага побыту. Луб старых дрэў замочвалі ў вадзе і атрымлівалі мачала, з якога ткалі рагожы, выраблялі вяроўкі.

Кветкі меданосныя, ліпавы мёд лічыцца адным з лепшых. Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. З насення атрымліваюць харчовы алей (нагадвае міндальны або персікавы).

Ліпа — каштоўнае дрэва, якое выкарыстоўваецца для азелянення. Густыя кроны ліп даюць цень і прахалоду, чысцяць паветра ад пылу і газу, апад ліпы хутка перагнівае, вяртаючы глебе пажыўныя рэчывы.

Галерэя пылку ліпы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Tilia Архівавана 28 мая 2013.// NCU-3e. Names in current use for extant plant genera Electronic version 1.0 (Праверана 6 студзеня 2011)
  2. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 131. — 160 с. — 2 350 экз.
  3. Ліпавыя лясы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред М. С. Гиляров. Ред. колл. А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд. исправл. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 321. — 864 с. — 150 000 экз. — ISBN 5-85270-002-9. (руск.)
  • Ліпа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).