Перайсці да зместу

Ірына Уладзіміраўна Сідорская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ірына Уладзіміраўна Сідорская
Дата нараджэння 12 лютага 1969(1969-02-12) (55 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці філосаф, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філасофскіх навук (1995) і доктар філалагічных навук (2020)
Навуковае званне
Альма-матар
Узнагароды

Ірына Уладзіміраўна Сідорская (нар. 12 лютага 1969, Мінск) — спецыяліст у галіне сацыяльнай філасофіі, тэарэтык журналістыкі, доктар філалагічных навук (2020), кандыдат філасофскіх навук (1995), дацэнт (2004), загадчыца кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Скончыла з адзнакай аддзяленне філасофіі філасофска-эканамічнага факультэта БДУ (1991), у 1994 годзе — аспірантуру кафедры філасофіі і метадалогіі навукі. Пачала працу на кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю БДУ на пасадзе дацэнта з дня яе заснавання ў 1999 годзе. З 2010 года з’яўляецца загадчыкам кафедры.

Аўтар каля 200 навуковых, навукова-папулярных і вучэбна-метадычных публікацый. Кіраўнік 5-ці аспірантаў, у т.л. двух абароненых кандыдатаў — Юй Хунянь «Фарміраванне іміджу Кітайскай Народнай Рэспублікі ў сістэме масавай камунікацыі Рэспублікі Беларусь» (2015) і Ганна Навуменка «Карпаратыўныя медыя ў Беларусі: тыпалогія, змест і асаблівасці функцыянавання» (2019)[1].

Аўтар ідэі і арганізатар першых «PR-чытанняў» (2003), праектаў «Школа PR» (з 2007, пасля — «Акадэмія камунікацыі»), Міжнароднага адкрытага студэнцкага форуму «PR-кветка» (з 2008)[2]. Пры яе актыўным удзеле распрацаваны і ўкаранёны ў навучальны працэс адукацыйныя стандарты і вучэбныя планы па спецыяльнасцях «Інфармацыя і камунікацыя» і «Камунікацыя ў сферы грамадскіх сувязяў» для шматузроўневай сістэмы адукацыі. Таксама з’яўлялася актыўным прыхільнікам і ўдзельнікам працэсу ўнясення прафесіі «спецыяліст па сувязях з грамадскасцю» і «спецыяліст па рэкламнай камунікацыі» у адзіны даведнік пасад служачых Рэспублікі Беларусь, якое адбылося ў лістападзе 2013 года[3].

Распрацавала аўтарскія курсы лекцый па 5-ці дысцыплінах, напісала і выдала 2 навучальных дапаможніка з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама 3 дапаможнікі без грыфа. Аўтар манаграфіі «Інстытут паблік рылейшнз у развіцці сацыядынамічных працэсаў у Рэспубліцы Беларусь» (Мінск, 2017). Аўтар 24 навуковых артыкулы ў выданнях з пераліку Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь і замежных выданнях.

У 1995 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сацыядынаміка культуры ва ўмовах інфармацыйнай рэвалюцыі», у 2019 — доктарскую дысертацыю на тэму «Інстытут паблік рылейшнз у мадэрнізацыі інфармацыйнай прасторы Беларусі».

Замужам, двое дзяцей.

  • Знак «Выдатнік друку» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2019)
  • Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2014)
  • Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2011)
  • Падзячны ліст Рэктара БДУ (2011)
  • Грамата БДУ (2009)
  • Спецыяльны прыз беларускага прафесійнага конкурсу ў галіне сувязяў з грамадскасцю «PRемія‑2008» «За вернасць PR-прафесіі» (2009).

Зноскі