Александрыйскі верш
Александры́йскі верш — верш з аб'яднаных папарна рыфмай вершаваных радкоў, напісаных шасцістопным ямбам з цэзурай пасля трэцяй стапы. Пры паўтарэнні ў творы некалькіх двухрадкоўяў александрыйскага верша абавязковым з'яўляецца чаргаванне мужчынскіх і жаночых рыфмаў. Узнік гэты верш у французскай паэзіі XI ст. Назву яго звязваюць з «Раманам пра Аляксандра Македонскага» (XII ст.), які напісаны такім вершам. У рускую паэзію александрыйскі верш увёў Васіль Традзьякоўскі (XVIII ст.). Асаблівае пашырэнне набыў у творчасці А. Пушкіна (больш за дзве тысячы вершаваных радкоў). У другой палове XIX ст. сустракаецца радзей, а ў XX ст. — зусім рэдка. Сярод беларускіх паэтаў да александрыйскага верша часта звяртаўся М. Багдановіч, ужываючы яго ў творах, стылізаваных пад старыну («Перапісчык», «Летапісец»), а таксама ў лірычных роздумах («У вёсцы»). Услед за ім і пад яго уплывам александрыйскі верш выкарыстоўваў Алесь Салавей («На чыстым аркушы», «Адзіноцтва», «Максім Багдановіч» і інш. — усяго 21 верш). У сучаснай беларускай лірыцы александрыйскі верш амаль забыты. Вось узор александрыйскага верша ў М. Багдановіча («Летапісец»):
- Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
- Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.
- Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот.
- Ён пільна летапіс чацвёрты піша год
- І спісвае усё ад слова і да слова
- З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
- І добрыя яго і кепскія дзяла
- Апавядае тут. Так рупная пчала
- Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.
- І бачанаму ім — ён годны веры сведак.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.