Перайсці да зместу

Апакрыфічны ліст Якава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Апакрыфічны ліст Якава, апокрыф Якава, Таемная кніга Якава — адзін з апокрыфаў Новага Запавету. Ён апісвае таемныя павучэнні Ісуса Пятру і Якаву пасля Уваскрэсення, але да Ушэсця.

Галоўнай тэмай твора з’яўляецца тое, што чалавек павінен прыняць пакуты як непазбежнае. Згадванне Якава і Пятра дазволіла даследчыкам выказаць здагадку, што ліст узнік у яўрэйскай хрысціянскай абшчыне. Праца не паказвае ніякай залежнасці ад кананічных тэкстаў і, верагодна, напісаная ў сярэдзіне — канцы II стагоддзя. Апокрыф мае гнастычныя рысы, але не можа быць аднесены да якой-небудзь гнастычнай секты, і некаторыя навукоўцы лічаць, што ён не мае дачынення да гностыкаў увогуле.

Тэкст захаваўся ў адным часткова пашкоджаным рукапісе ў другой частцы Кодэкса Юнга, аднаго з трынаццаці кодэксаў бібліятэкі Наг-Хамадзі. Хоць тэкст здаецца копцкім перакладам з грэчаскай, аўтар сцвярджае, што ён быў напісаны на яўрэйскай мове. З-за спасылак на пераследы і пакутніцтва малаверагодна, што тэкст быў напісаны пасля 313 года, калі пры Канстанціне пераслед хрысціян скончыўся. Аналіз структуры тэксту дае час напісання ў II стагоддзі, магчыма, у першай яго палове.

Тэкст напісаны ў форме ліста (паслання) ад Якава іншай асобе, імя якой згублена з-за пашкоджанняў тэксту. Аўтар апісвае Ісуса, Які дае пашыраныя выказванні і адказвае на розныя пытанні на працягу 550 дзён пасля Уваскрэсення, але да Ушэсця. І Якаў, і Пётр даюць сакрэтныя парады, але толькі ў канцы Якаў, здаецца, разумее, што адбылося.

Ісус павучае ў незвычайных і, здавалася б, супярэчлівых фразах, а таксама прапануе кароткія прыпавесці. Ён запрашае Пятра, Якава ў Валадарства Нябеснае з Ім, але яны занятыя пытаннямі іншых апосталаў і губляюць свой шанец. Пасля гэтага апісваецца, як Якаў рассылае 12 апосталаў, такім чынам паказваецца (як і ў іншых апакрыфічных дакументаў), што Якаў стаў пераемнікам Ісуса як лідар гэтага руху.

Кароткая частка ліста з’яўляецца незалежнай ад астатняй часткі тэксту, гэта дало падставу некаторым даследчыкам лічыць, што апокрыф, магчыма, паўстаў як некалькі асобных тэкстаў, аб’яднаных разам. Гэтая частка ліста спасылаецца на папярэдняе «сакрэтнае Евангелле», якое, відаць, была страчана. У апокрыфе абмеркаванне пакутніцтва і прароцтва таксама прадстаўляюцца некалькі асобна, паказваючы на арыгінальны тэкст як асноўную частку дакумента, у склад якога ўваходзяць кароткія выслоўі. Няясна, ці кананічныя тэксты з’яўляюцца часткай апошняй рэдакцыі апокрыфа, ці ён мае крыніцы з іншых твораў.

Для многіх навукоўцаў характар выказванняў выглядае некалькі гнастычным, у першую чаргу таму, што вучэнні апокрыфа не адпавядаюць агульнапрынятай інтэрпрэтацыі кананічных Пісанняў. Таксама рукапіс быў знойдзены сярод відавочных гнастычных вучэнняў бібліятэкі Наг-Хамадзі. Тэкст таксама выкарыстоўвае гнастычныя тэрміны, такія як спасылкі на «паўнату» ў якасці сродку выратавання. Тым не менш, вучэнні апокрыфа Якава, вядома, не адпавядаюць вучэнню Валентыніянства або іншых развітых гнастычных касмалогій, так што некаторыя даследчыкі не лічаць гэты апокрыф уласна гнастычным тэкстам.