Бездзежскі фартушок
Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» | |
---|---|
Заснаваны | 17 студзеня 1999 г. |
Падпарадкаванасць | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь |
Месцазнаходжанне | Бездзеж, Беларусь |
Адрас | 225848, Рэспубліка Беларусь, Брэсцкая вобласць, Драгічынскі раён, а/г Бездзеж, вул. Піянерская, 9 |
phartushok.museum.by/be |
Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» адкрыты 17 студзеня 1999 года ў Бездзежы. Экспазіцыя размешчана ў 7 залах («Падворак», «Ручнікі», «Сялянская хата» і г.д.). Фонды музея налічваюць больш як тысячу экспанатаў. Сэрца музея — зала «Царства фартушкоў». У музеі сабрана ўнікальная калекцыя фартушкоў, што налічвае больш як дзве сотні прадметаў. У экспазіцыі прадстаўлена больш як сем дзесяткаў. Менавіта бездзежскія фартушкі адрозніваюцца ад іншых па сваёй выбеленасці. Шылі іх з палатна, якое складалася з трохсот ільняных нітачак, якія свабодна праходзілі праз пярсцёнак.
Самы першы фартушок, які захоўваюць фонды музея, быў створаны ў 1880 годзе. Традыцыйнае адзенне вясковага насельніцтва в. Бездзеж мае шэраг асаблівасцей у назвах і манерах нашэння, характары аздаблення, якія паказаны ў экспазіцыі. Працуе школа народнай творчасці па класах: «Вышыўка» і «Карункапляценне». Экскурсіі па музеі праходзяць з удзелам народнага фальклорнага калектыву «Купалінка» і народнага калектыву песні і музыкі «Сваякі». Музей з’яўляецца важным турыстычным аб’ектам рэгіёна.
Асаблівасці бездзежскага фартушка
[правіць | правіць зыходнік]У Бездзежы Драгічынскага раёна «затулкі»-фартухі былі крыху карацейшыя і больш шырокія. Шылі іх у 2-3 полкі, каб яны закрывалі не толькі перад, але і бакі спадніцы. Злучалі простым швом так, каб яно не кідалася ў вочы, а складвалася ўражанне, што палатно выткана ў адну полку. Па нізе іх аздаблялі тканым ці вышытым арнаментам, карункамі або «ператыкалі» ўсё поле фартуха рэдка размешчанымі вузенькімі папярочнымі палоскамі. У версе палатно збіралася, яго моршчылі так, каб атрымліваліся складкі, хаця маглі яны быць і без складак. Завязкі белага колеру без вышыўкі.
Святочныя фартухі былі больш тонкія і багата аздоблены вышываным або тканым узорам. Тканіна магла быць у палоску або ў клетку і сама па сабе выглядала багата, можа, таму такія фартухі аздаблялі толькі па нізе і па баках. Гэта гаварыла пра тое, што бездзежскія майстрыхі мелі тонкі густ.
У бездзежскім краі ў фартушках пераважаюць чорны і чырвоны колеры, бо ў народзе лічылі, што гэтыя колеры засцерагаюць ад нячыстай сілы. У кожнай гаспадыні было больш дванаццаці фартушкоў — па колькасці найважнейшых рэлігійных свят.
Дырэктары музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок»
[правіць | правіць зыходнік]- Першы дырэктар — Галіна Абрамовіч
- Другі дырэктар — Лідзія Шыльпук
- Трэці дырэктар — Марыя Астаповіч (з 2008 г.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Марчук, Р. «Пайшла як пава, альбо бездзежскіх жанчын відаць здалёк» / Р. Марчук // Маладосць. — 2010. — № 11. — С. 111—113.