Размах крылаў 22-34 мм[1], даўжыня пярэдняга крыла 12-15 мм. Выражаны палавы дымарфізм: верх крылаў самца сіні c вузкім чорным краем, самкі — карычневы.
На задніх крылах маюцца хвосцікі, а ля іх аснавання, на ніжнім баку крылаў — дзве яркіх аранжавых плямы (характэрная прыкмета віду),
у самак гэтыя плямы бачныя і зверху[2].
Шырока распаўсюджаны палеарктычны від, сустракаецца ва ўмераным і субтрапічным поясе. Засяляе разнастайныя біятопы: стэпы, лугі, лясныя паляны, сустракаецца ў населеных пунктах[1][2], а таксама на люцэрнавых і канюшынавых палях[3][4].
Яйкі адкладаюцца па адным на бутоны (часам на лісце) кармавой расліны.
Яйка дыяметрам 0,5 мм, вышынёй 0,25—0,28 мм, спачатку белага колеру з зеленаватым адценнем, з цягам часу шарэе.
Працягласць стадыі яйка не менш за 3 дні.
Вусені як правіла, светла-зялёныя, са слабакантрастным малюнкам, галава цёмная.
Даўжыня нованароджанага вусеня 0,9—1,0 мм, перад акукліваннем — 10-12 мм.
Даўжыня кукалкі 7,0—8,5 мм. Яна светла-зялёнага колеру c больш цёмнай палоскай на спіне і чорнымі плямкамі па баках,
пакрыта доўгімі белымі валасінкамі, прымацаваная паяском да сцябла ці лісця кармавой расліны[5].