Віктар Пятровіч Данілаў
Віктар Пятровіч Данілаў | |
---|---|
Адукацыя | |
Дзейнасць | пісьменнік, журналіст |
Нараджэнне |
20 ліпеня 1927 |
Смерць |
7 снежня 2016 (89 гадоў) |
Узнагароды |
Віктар Пятровіч Данілаў (20 ліпеня 1927, Яраслаўль, Расія — 7 снежня 2016, Яраслаўль, Расія) — рэлігійны дысідэнт, публіцыст, з 1976 — святар грэка-каталіцкай царквы ў падполлі; вязень ГУЛАГу ў 1948—1955, парах грэка-каталіцкай парафіi ў Гродне.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У 1947 годзе паступіў у Яраслаўскі педагагічны інстытут, у чэрв. 1948 года арыштаваны за свае крытычныя выказванні пра Сталіна i абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у лагеры для асабліва небяспечных паліт. злачынцаў у Iнце, Комі АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў паўторную судзімасць тэрмінам на 10 гадоў.
За час знаходжання ў няволі пераасэнсаваў свае светапоглядныя пазіцыі, адмовіўся ад таталітарнага калектывізму, марксізму і атэізму. У лагеры, у духоўных пошуках праўдзівай веры, прыняў каталіцкае веравызнанне. У 1955 вызвалены па амністыі i пасля ў падполлі займаўся місіянерскай дзейнасцю.
Са снежня 1955 года узнавіў вучобу на гістарычным факультэце Яраслаўскага педагагічнага інстытута. Аднак пасля сканчэння дыплом яму спачатку не выдалі па той прычыне, што ён быў актыўным католікам, пра што адміністрацыі інстытута стала вядома з даносу. Толькі настойлівасць Данілава, яго афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамі пра рэлігійную дыскрымінацыю дазволілі ва ўмовах паліт. лібералізацыі — «адлігі» часоў М. Хрушчова, адстаяць свае правы i атрымаць дыплом. Але ўладкавацца па спецыяльнасці ён не змог, з 1959 года працаваў электрамантажнікам.
У 1960 годзе пераехаў у больш ліберальныя рэгіёны СССР — спачатку ў Вільнюс, а ў 1967 годзе у Гродна, дзе ўладкаваўся інжынерам-эканамістам. Меў кантакты з праваслаўным сьвятаром-праваабаронцам Глебам Якуніным. Некалькі гадоў падтрымліваў актыўныя сяброўскія стасункі з святаром-місіянерам Аляксандрам Менем. У пачатку 1970-х гадах атрымаў прапанову падпольна вучыцца на грэка-каталіцкага святара. У 1976 у Львове таемна быў пасвячаны ў святары мітрапалітам ГКЦ Уладзімірам Стэрнюком. Вярнуўся ў Гродна i пачаў святарскае і місіянерскае служэнне ва ўмовах падполля. Пісаў і перакладаў рэлігійныя працы для самвыдату, выязджаў на місіі ў розныя гарады СССР аж да Сібіры і Каўказу.
З 1992 года быў прызначаны парахам грэка-каталіцкай парафіi Маці Божай Фацімскай у Гродне. Выкладаў асновы рэлігіі ў гродзенскіх дзяржаўных навучальных установах і багаслоўскія дысцыпліны ў каталіцкім катэхетычным інстытуце. Працаваў у Гродзенскім абласным таварыстве «Веды» лектарам па рэлігійнай тэматыцы, выступаў на абласным радыё з лекцыямі на рэлігійныя тэмы. Да 1994 году а. Віктар Данілаў займаўся місіянерскай працай, перакладамі дапаможнай рэлігійнай літаратуры для Рыжскай рыма-каталіцкай духоўнай семінарыі, адзінай ва ўсім былым СССР. Ад 1999 года з’яўляўся дэканам БГКЦ. У 2000 г. атрымаў сан протапрасвітара. Таксама ў тым жа годзе пабываў у Рыме. Быў запрошаны на прыватную аўдыенцыю да Папы Рымскага Яна Паўла II, ад якога атрымаў царкоўную ўзнагароду за сваю місіянерскую дзейнасць і святарскае служэнне — залаты Крыж «Pro Ecclesia et Pontifice (За заслугі перад Царквой і Папам)».
Пасля выхаду на пенсію, маючы ўжо 78 гадоў, у 2005 годзе вярнуўся на сваю радзіму ў Яраслаўль, дзе нейкі час дапамагаў у душпастырскай апецы мясцовых католікаў. Памёр 7 снежня 2016 года.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Протапрасьвітар Віктар Данілаў. Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы Архівавана 19 верасня 2018.
- У Маскве разьвіталіся з сьвятаром Віктарам Данілавым Архівавана 5 жніўня 2020.