Віцебская школа дойлідства
Віцебская школа дойлідства — самабытная архітэктурная школа, што склалася ў драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве Віцебска ў XVII—XVIII стст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у XVIII ст. развівалася пад уплывам стылю барока. Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб'ём быў самастойнай архітэктурнай адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/52/Viciebskaja_ratu%C5%A1a._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%88%D0%B0_%281664%29.jpg/220px-Viciebskaja_ratu%C5%A1a._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%88%D0%B0_%281664%29.jpg)
Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым будаўніцтве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асноўныя тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабудаўнічую сістэму.
Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі першай пал. XVII ст. — дамы Горскага, Шапкіна, палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадзянскія пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, ратуша з гасціным дваром.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/06/Viciebsk%2C_Pieskavacik%2C_Trajeckaja._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%9F%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%86%D1%96%D0%BA%2C_%D0%A2%D1%80%D0%B0%D0%B5%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%281900%29.jpg/180px-Viciebsk%2C_Pieskavacik%2C_Trajeckaja._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%9F%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%86%D1%96%D0%BA%2C_%D0%A2%D1%80%D0%B0%D0%B5%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%281900%29.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a1/Viciebsk%2C_Marka%C5%AD%C5%A1%C4%8Dyna%2C_Trajeckaja._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%9C%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D1%9E%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D0%B0%2C_%D0%A2%D1%80%D0%B0%D0%B5%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%28I._Trutnev%2C_1866%29.jpg/220px-Viciebsk%2C_Marka%C5%AD%C5%A1%C4%8Dyna%2C_Trajeckaja._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%9C%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D1%9E%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D0%B0%2C_%D0%A2%D1%80%D0%B0%D0%B5%D1%86%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%28I._Trutnev%2C_1866%29.jpg)
Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб'ёмна-планіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рускай і ўкраінскай архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб'ядноўвалі некалькі аб'ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на галоўным фасадзе, як у Троіцкай царкве на Пескаваціку, мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца, такі прыём быў выкарыстаны ў Троіцкай царкве Маркава манастыра.
Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў XIX — пач. XX ст.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Віцебская школа дойлідства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 225.