Вішнеўскі металургічны завод

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вішнеўскі металургічны завод — колішняе прадпрыемства ў в. Вішнева Ашмянскага павета.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вішнеўскі металургічны завод працаваў з 1780[1][2] па 1866[3] гг., хоць адносна апошняй даты ў сустракаюцца розначытанні. Узнік на месцы традыцыйных для рэгіёна рудных промыслаў, якія былі арганізаваны вакол невялікіх гутаў, яго росквіт прыйшоўся на 1840-50-я гг. Завод выпускаў значныя аб’ёмы прадукцыі: у 1852 г. — 8315 пудоў прадукцыі, у 1863 годзе — 11 720 [4]. Заняпад і закрыццё былі, сярод іншага, абумоўлены прыходам на рынак больш канкурэнтаздольнай прадукцыі буйных ліцейных вытворчасцей Урала і ростам канкурэнцыі з боку аналагічных вытворчасцей, якія ўзнікалі ў рэгіёне, у тым ліку ў в. Кляцішча Ашмянскага павета[5].

Прадукцыя[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на значныя аб’ёмы прадукцыі, большасць яе, натуральна, заставалася ананімнай і не несла на сабе пазнак паходжання. Выключэнне складаюць помнікі і агароджы, на якіх дастаткова шырока сустракаецца маркіроўка «Wiszniew». Адным з найбольш распаўсюджаных відаў вішнеўскіх надмагільных помнікаў з’яўляюцца літыя крыжы з шыльдамі. Блытаніну ў атрыбуцыю помнікаў тыпу «крыж з шыльдай» уносіць тое, што вытворчасць іх яшчэ ў 1860-я гг. была перанята іншымі ліцейнымі заводамі, якія ўзнікалі ў рэгіёне. Крыжы гэтага тыпу карысталіся папулярнасцю яшчэ да 1880-х гг., але вырабляліся заўважна меншых памераў, без прасветаў, з прастакутнымі ці сплюснутымі зверху і знізу авальнымі шыльдамі, з выкарыстаннем іншых, не ўласцівых для ранейшага перыяду шрыфтоў[5].

Другім надзвычай распаўсюджаным тыпам вішнеўскіх помнікаў з’яўляюцца літыя шыльды і пліты. Заўважную праблему складае датаванне такіх помнікаў, паколькі, як і ў большасці іншых выпадкаў, невядома колькі часу мінула ад смерці пэўнай асобы да замаўлення надмагілля. Можна казаць пра тое, што ў 1830-50-я гг. яны склалі істотную канкурэнцыю традыцыйна пашыраным каменным шыльдам і плітам. Асобныя пліты вішнеўскага тыпу, выяўленыя на тэрыторыі Беларусі, па годзе смерці адносяцца да першай чвэрці XIX ст., аднак пытанне, ці былі яны створаны ў гэты час, застаецца адкрытым[5].

Большую цікавасць уяўляюць зборныя літыя помнікі вішнеўскай вытворчасці, якія хоць і сустракаюцца радзей, але лепш раскрываюць магчымасці вішнеўскіх ліцейшчыкаў. Найбольш простым па выкананні з такіх помнікаў з’яўляецца тып крыжа на базе ў форме ўсечанай піраміды. Аснаванне для крыжа магло быць складзена і з некалькіх ярусна размешчаных прастакутных у плане блокаў, якія ўтваралі яшчэ адзін тып вішнеўскага помніка[5].

Цікавы матэрыял для вывучэння вішнеўскага ліцця даюць агароджы, некалькі відаў якіх прадстаўлена ў рэгіёне. Агароджы прадстаўлены абмежаваным наборам узораў, што палягчае іх атрыбуцыю. Даследчык Сяргей Грунтоў вылучае наступныя тыпы: "узор з кветкай", узор з чатырохліснікамі, узор з эліпсам і васьмю разамкнутымі кольцамі, узор з аваламі і стрэламі, узор з коламі і стрэламі[5].

Індывідуальныя заказы з’яўляюцца даволі рэдкімі для вішнеўскага ліцця, пераважае тыпавая адліўка па аднолькавых узорах[5].

Зноскі

  1. Jankowski Cz. Powiat oszmiański. S. 186.
  2. Гурын M. Металургічны завод у Вішнева // Памяць: Валожынскі раён: гіст.-дакум. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / уклад. Я. Я. Янушкевіч. Мінск, 1996. С. 33.
  3. Gołąbek М. Kościół parafialny р. w. Narodzenia Najśw. Marii Panny w Dudach // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa Wileńskiego. Kraków, 2011. T. 4. S. 45.
  4. Гурын М. Металургічны завод у Вішнева. С. 34.
  5. а б в г д е Сяргей Грунтоў. Помнікі і агароджы вішнеўскага ліцця ў Ашмянскім павеце ў ХІХ ст.(недаступная спасылка) // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — С. 383—396.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]