Герцаг франкаў
Герцаг франкаў (лац.: dux Francorum) — ганаровы тытул у Франкскім, Заходне-Франкскім і Усходне-Франкскім каралеўствах. Часта памылкова перакладаецца як «Герцаг Францыі» ці «Герцаг Французскі».
Слова dux, запазычанае ў старажытных рымлян, першапачаткова мела значэнне «правадыр», «палкаводзец».[1]
У Франкскім каралеўстве першым герцагам франкаў стаў Піпін Герыстальскі, маярдом Аўстразіі. У 687 годзе ён захапіў караля ўсіх франкаў Тэадорыха III і прымусіў яго прызнаць Піпіна маярдомам усяго Франкскага каралеўства. У тым жа годзе Піпін Герыстальскі прыняў тытул «герцаг і князь франкаў» (dux et princeps Francorum). У VIII стагоддзі гэты тытул прыняў яго пабочны сын Карл Мартэл, які таксама стаў фактычным кіраўніком каралеўства.
У Заходне-Франкскім каралеўстве (будучай Францыі) тытул герцага франкаў насілі некаторыя прадстаўнікі сямейства Раберцінаў, у прыватнасці, Роберт I, які стаў потым (у 922 годзе) каралём заходніх франкаў. Апошні герцаг франкаў з сямейства Раберцінаў, Гуга Капет, стаў у 987 годзе каралём і заснавальнікам дынастыі Капетынгаў.
У Усходне-Франкскім каралеўстве (будучай Германіі) у 906 годзе тытул dux Francorum (ням. Herzog von Franken) прыняў Конрад I, сын Конрада, герцага Цюрынгіі. Пры гэтым ён захапіў уладу над Цюрынгіяй і суседнімі абласцямі, населенымі франкамі. Гэту тэрыторыю сталі называць Франконіяй. (Латарынгія, таксама населеная галоўным чынам франкамі, у 895—925 гадах была фактычна незалежнай ад Германіі.) У 911 годзе Конрад I быў выбраны каралём Усходне-Франкскага каралеўства. У 918 годзе, пасля смерці Конрада, «герцагам франкаў» (фактычна — толькі герцагам Франконіі) стаў яго малодшы брат Эберхард III. У 939 годзе Эберхард быў забіты ў баі, а яго землі сталі асабістымі ўладаннямі караля. Праз шмат гадоў тытул Herzog von Franken адрадзіўся, але для гэтых часоў гэты тытул варта перакладаць як «герцаг Франконіі».
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ duke. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite . (2008).