Грычун (саракуш) чырвонагаловы (Lanius senator) — птушка сямейства саракушавых.
Даўжыня цела 17-19 см, размах крылаў 26-28 см. Чорна-белы з іржава-рыжым верхам галавы. На крылах і надхвосці белыя плямы. Маладыя карычневыя, з палоскамі і светлымі плямкамі на спіне і надхвосці, падобныя да самкі і маладых малога грычуна. Спеў — ціхае шчабятанне з імітацыямі галасоў іншых птушак.
Арэал: Еўропа (акрамя Ірландыі, поўначы і ўсходу Вялікабрытаніі), Малая Азія, Блізкі Усход, Іран, Паўночная Афрыка. З XIX ст. колькасць птушак памяншаецца і адбываецца скарачэнне арэала.
Насяляе сухія паўадкрытыя і адкрытыя мясціны з зараснікаміі асобнымі дрэвамі паркавага тыпу на пясчаных глебах, алеі, ускрайкі сухіх бароў, старыя сады, паркі, жывыя агароджы з высокіх калючых кустоў. У Іспаніі — дубовыя лясы да 2000 м над у.м., хоць у Пірэнеях даходзіць толькі да 1500 м. У Афрыцы — рэдкія дубовыя лясы, хоць і аддае перавагу антрапагенным ландшафтам з дрэвамі. У Арменіі — камяністыя схілы гор, парослыя кустамі.
Пералёты від. Залятае на поўнач і ўсход Еўропы (Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Данія, Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Эстонія, Мадэйра). На Беларусі вельмі рэдкі, выпадкова залётны від. Месцы зімовак: Экватарыяльная Афрыка і поўдзень Аравійскага паўвострава.
Гняздо ў развілцы галінак кроны ці доўгіх бакавых сукоў (пераважна соснаў, алівак іпладовых дрэў), часцей за ўсё на вышыні 6-10 м ад зямлі, або ў густапераплеценыхкустах на вышыні 1-2,2 м. Знешняя частка са сцёблаў травяністых раслін, сухой травы з прымессю карэньчыкаў, часам з уплеценымі ніткамі, вяроўкамі, паперай і г.д. Унутраная частка з травяністых раслін (часта з кветкамі), якія бачныя праз знешні слой. Высцілка з даволі тоўстага слоя шэрсці і пёраў з прымессю воўны, карэння і расліннага пуху, часам моху.
Яйкі (5-6, часам 4-7) звычайна падоўжаныя, з тупым вузейшым канцом. Афарбоўка вельмі падобная да L. collurio. Фон бледны да аліўкава-зялёнага, пясчаны, шаравата-белы, значна радзей — чырвона-жоўты ці карычневы. Крапінкі і плямкі карычневыя да бледна-аліўкавых, утвараюць вянок вакол шырэйшага канца. Яйкі пясчанага або чырванаватага колеру маюць чырвона-карычневую або пурпуровую плямістасць.
- L. s. senator — большая частка Еўропы і Малая Азія;
- L. s. badius — Балеары, Сардзінія, Корсіка;
- L. s. rutilans (сін. L. s. weigoldi) — Пірэнейскі паўвостраў і Паўночна-Заходняя Афрыка
- L. s. fluckigeri — Паўночна-Заходняя Афрыка;
- L. s. niloticus — Кіпр, Блізкі Усход, Іран, Каўказ.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X