Жаночае выбарчае права
Жаночае выбарчае права — права жанчын удзельнічаць у выбарах народных прадстаўнікоў. Уключае права абіраць і права быць абраным.
Да XIX стагоддзя права жанчын на галасаванне давалася лакальна і, як правіла, суправаджалася дадатковымі абмежаваннямі (маёмасны цэнз, становішча ў сям’і, грамадстве і т.п.). Затым пачаўся перыяд росту актыўнасці руху за жаночае выбарчае права. У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя ў ЗША і Заходняй Еўропе дзейнічаў рух суфражыстак. Гэта прывяло да яго замацавання ў міжнародным праве ў сярэдзіне XX стагоддзя.
Зараз такое права ўведзена ў большасці краін свету. Аднымі з першых жаночае выбарчае права ўвялі Новая Зеландыя (1893), Аўстралія (1902) і Вялікае княства Фінляндскае (1906). Аднымі з апошніх — Кувейт (2005), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2006) і Саудаўская Аравія (2011).