Перайсці да зместу

Суфражысткі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Суфражы́сткі[1] (ад англ.: suffrage — выбарчае права) — удзельніцы руху за жаночае выбарчае права ў ЗША і Заходняй Еўропе ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя. Таксама суфражысткі выступалі супраць дыскрымінацыі жанчын у палітычным жыцці і грамадзянскіх правах.

Пачатак руху пакладзены на жаночай канферэнцыі, якая адбылася ў 1848 годзе ў горадзе Сенека-Фолс (ЗША)[1]. У 1869 годзе ў ЗША быў створаны Амерыканскі і Нацыянальны жаночыя суфражысцкія асацыяцыі, якія ў 1890 годзе аб’ядналіся ў Амерыканскую жаночую суфражысцкую асацыяцыю. У Вялікабрытаніі рух суфражыстак узначалілі Жаночая ліга свабоды і Жаночы сацыяльна-палітычны саюз, які быў створаны ў 1903 годзе[1]. У 1904 годзе была заснавана Міжнародная арганізацыя суфражыстак — Міжнародны альянс за выбарчыя правы жанчын[2] (з 1946 года — Міжнародны альянс жанчын)[3].

Суфаржысткі арганізоўвалі грамадскія акцыі з мэтай прыцягнуць увагу грамадства да праблем выбарчага права для жанчын. У 1910—1920-х гадах, калі ў большасці еўрапейскіх краін жанчыны атрымалі выбарчае права, рух суфражыстак у іх спыніўся, і яны накіравалі сваю дзейнасць на барацьбу за сапраўднае раўнапраўе жанчын.