Калядны кіберпанк, або Калядная Ноч-117.DIR
Калядны кіберпанк, або Калядная Ноч-117.DIR | |
---|---|
Аўтар | Віктар Алегавіч Пялевін |
Мова арыгінала | руская |
Дата першай публікацыі | 1996 |
«Калядны кіберпанк, або Калядная Ноч-117.DIR» (руск.: «Святочный киберпанк, или Рождественская Ночь-117.DIR») — сатырычнае апавяданне расійскага пісьменніка Віктара Пялевіна, напісанае ў 1996 годзе[1][2].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Апавяданне мадэлюе сітуацыю, калі з-за камп’ютарнага віруса «Калядная Ноч», або «РН-117.DIR», расійскі горад Петраплахаўск на суткі апускаецца ў хаос[3]. Як вынікае з назвы, у гэтым творы спалучаюцца жанры кіберпанк і каляднае апавяданне. «Калядны кіберпанк» можна разглядаць як рэмейк апавядання Тургенева «Муму»[4].
Па сюжэце, нікому не ўдалося высветліць аўтара камп’ютарнага віруса, а таксама тое, якім чынам адбылося заражэнне. У гэтым прасочваецца элемент фантастычнасці, характэрны для калядных апавяданняў. Хадзілі чуткі, што да віруса мог быць датычны псіхічна неўраўнаважаны інжынер Герасімаў. Ён не прыняў пераменаў, якія адбыліся ў расійскім грамадстве ў 1990-х гадах, і галоўным сімвалам гэтых пераменаў стаў для яго бультэр'ер. Увайшоўшы ў даўгі, Герасімаў купіў сабе сабаку гэтай пароды і даў ёй мянушку Муму. Ён часта гуляў з Муму каля ракі і падоўгу глядзеў на ваду. Даведаўшыся пра гэта, суседзі падалі на Герасімава ў суд, па рашэнні якога ён быў пазбаўлены права на сабаку, якога адправілі ў спецсабакапрыёмнік. Грошы на ўтрыманне Муму вылучыў мэр Петраплахаўска Аляксандр Ванюкоў, які з’яўляўся таксама крымінальным аўтарытэтам[4].
Падчас каляднай ночы на камп’ютары Ванюкова актывізаваўся вірус. Ён ператасаваў загады мэра, памяняўшы адрасатаў. У выніку вулічныя працоўныя атрымалі загад «валіць Кішкерава», прафесійным забойцам было сказана «каб да вечара на цэнтральнай вуліцы не было ніводнага бугра» (бугор на жаргоне — вялікі чалавек, начальнік), рэкецірам, якія трымалі ў закладніках міліцыянера, было накіравана пытанне «калі ж нарэшце будзе спалены мусар»[3][4].
Нягледзячы на абсурднасць загадаў, падначаленыя пачалі іх выконваць, прыпадобніўшыся у гэтым да камп’ютараў. Такі антыгуманізм як раз характэрны для жанру кіберпанк. Даведаўшыся пра тое, што адбываецца ў горадзе, Ванюкоў уварваўся ў свой кабінет і расстраляў камп’ютар з пісталета[3].
З-за справакаванай камп’ютарам неразбярыхі, Муму не трапляе ў спецсабакапрыёмнік, а праводзіць некалькі дзён у скрынцы, а затым галоднага і злога сабаку дастаўляюць Ванюкову дадому. Калі мэр адкрывае скрынку, бультэр’ер перагрызае яму горла[4].
У выніку Муму вярнулі да Герасімава. Ён набыў калаўрот для свідравання палонак, а на наступную раніцу яго бачылі за горадам. Ён быў са слядамі укусаў, але «выгляд ён меў светлы, пераможны, і яго вочы былі падобныя на два тунэля, у канцы якіх дрыжала яшчэ няяснае, зыбкае, але ўсё ж несумненна прысутнае святло»[4].
Публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]Апавяданне было ўпершыню апублікавана ў 1996 годзе ў першым нумары часопіса «Огонёк»[2]. Увайшло ў склад зборніка апавяданняў «Relics. Ранняе і нявыдадзенае» (2005).
Зноскі
- ↑ Сергей Полотовский, Роман Козак. Пелевин и поколение пустоты. — М., «Манн, Иванов и Фербер», 2012. — ISBN 978-5-91657-304-6
- ↑ а б Сергей Некрасов Виктор Пелевин: опыт библиографии
- ↑ а б в Катаев Ф. А. Семантика и функции компьютерного дискурса в прозе Виктора Пелевина // Вестник Пермского университета. Российская и зарубежная филология. 2011. Вып. 2(12).
- ↑ а б в г д Гимранова Ю. А. Креативные рецепции тургеневских рассказов Виктором Пелевиным // Вестник Южно-Уральского государственного гуманитарно-педагогического университета. 2018. № 1.