Кіберпанк

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Кі́берпанк (англ.: cyberpunk) — паджанр навуковай фантастыкі. Сам тэрмін з'яўляецца сумессю словаў «cybernetics» (англ.: кібернетыка) і «punk» (англ.: панк, смецце), упершыню яго выкарыстаў Брус Бэтке ў якасці назвы для свайго апавядання 1983 года[1]. Звычайна творы, якія адносяцца да жанру «кіберпанк», апісваюць антыўтапічны свет недалёкай будучыні, у якім высокае тэхналагічнае развіццё, такое як інфармацыйныя тэхналогіі і кібернетыка, спалучаюцца з глыбокім упадкам альбо радыкальнымі пераменамі ў сацыяльным ладзе[2].

Паводле словаў Лорэнса Персана:

Класічныя кіберпанкавыя персанажы — маргіналізаваныя, адчужаныя самотнікі, якія жывуць на краі грамадства ў пераважна дыстапічнай будучыні, дзе ў паўсядзённае жыццё імкліва ўварваліся тэхналагічныя перамены, усюдыісная інфасфера камп'ютарызаванай інфармацыі і інвазіўныя мадыфікацыі чалавечага цела

Notes Toward a Postcyberpunk Manifesto - Person, Lawrence

Сюжэты кіберпанку часта пабудаваныя вакол канфлікту паміж хакерамі, штучным інтэлектам і мегакарпарацыямі, і імкнуцца да «бліжэйшай будучыні» Зямлі часцей, чым да сэтынгаў пра далёкую будучыню ці галактычныя перспектывы, якія можна знайсці ў такіх раманах, як «Заснаванне» Айзэка Азімава альбо «Дзюна» Фрэнка Герберта[3].

Сусвет кібкрпанку, як правіла, з'яўляецца постіндустрыяльнай дыстопіяй, і апісвае грамадства, якое знаходзіцца на мяжы бурных сацыяльных і культурных пераўтварэнняў, дзе тэхналогіі выкарыстоўваюцца спосабамі, не прадугледжанымі іх стваральнікамі («вуліца знойдзе для рэчаў уласнае прымяненне»[4]). Частка атмасферы жанру пераклікаецца з стылем «фільма-нуар», а літаратурныя работы жанру часта выкарыстоўваюць прыёмы дэтэктыву[5].

Зноскі

  1. The Etymology of «Cyberpunk»(англ.) .
  2. Donald M. Hassler New Boundaries in Political Science Fiction — 2008. — С. 75-76. — ISBN 1570037361.
  3. Stephen Graham The Cybercities Reader — 2004. — 389 с. — ISBN 0415279569.
  4. Уільям Гібсан, «Burning Chrome», 1981 год.
  5. Stacy Gillis The Matrix Trilogy:Cyberpunk Reloaded — 2005. — 75 с. — ISBN 1904764320.