Каталіцкі святар
Каталіцкі святар — прадстаўнік каталіцкага духавенства, які мае другую ступень Таінства Пасвячэння. Каталіцкімі святарамі называюць святароў любога абраду ў межах Каталіцкай Царквы. Рымска-каталіцкіх святароў у беларускай мове традыцыйна называюць ксяндзамі.
Тэрміналогія
[правіць | правіць зыходнік]У вузкім сэнсе, з пункту гледжання Катэхізіса Каталіцкай Царквы, Кодэкса кананічнага права і Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў, святары — гэта мужчыны, якія атрымалі другую ступень Таінства Пасвячэння (г. зн., прэсвітары). У беларускай мове часта святаром называюць любую духоўную асобу: дыякана, прэсвітара ці біскупа. Вернікі часта ўжываюць слова "святар" да прэсвітараў, а многія — і ў дачыненні да біскупаў (значна радзей — да дыяканаў, бо дыяканы не цэлебруюць Еўхарыстыю, але толькі прыслугоўваюць падчас Яе)[1].
Тэалогія каталіцкага святарства
[правіць | правіць зыходнік]З пункту гледжання Каталіцкай Царквы, святарства не з'яўляецца ўсяго толькі займаннем пэўнай пазіцыі ці пасады ўнутры царкоўнай іерархіі. Хаця галоўнай задачай каталіцкага святара і з'яўляецца духоўная апека над даручанай яму паствай, само прабыванне ў стане святара (ці духоўнай асобы іншых узроўняў: г. зн., дыякана ці біскупа) з'яўляецца для мужчыны Божай ласкай і дае шматлікія духоўныя плады, якія можна атрымаць толькі праз таінства (сакрамент) пасвячэння.
Пасвячэнне (у адпаведнасці з каталіцкай сакраменталогіяй) — адно з двух таінстваў (другое — гэта шлюб), якія ўдзяляюць чалавеку, што атрымлівае іх, спецыяльную ласку для асаблівай місіі ў Царкве і служаць будаванню Божага народу. Яны асаблівым чынам прычыняюцца да будавання царкоўнай супольнасці і збаўлення іншых людзей[2].
Зноскі
- ↑ Pohle, Joseph. "Priesthood." The Catholic Encyclopedia. Vol. 12. New York: Robert Appleton Company, 1911.
- ↑ Арт. 321. Якія сакрамэнты служаць супольнасці і місіі? // Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый. / Адказны за выпуск ксёндз-доктар Ян Крэміс. — Мінск: Про Христо, 2010. — С. 112. — 256 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-985-6825-34-0.