Куля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кулі
Розныя формы куль для аднаго і таго ж патрона

Ку́ля — снарад прадаўгаватай формы з завостраным ці тупым канцом, які выкідваецца пры выстрале з канала ствала стралковай, паляўнічай і спартыўнай зброі. Адрозніваюць кулі для наразной (ваеннай і паляўнічай) і гладкаствольнай зброі.

Ваенная куля — галаўная частка баявога патрона. Бываюць звычайныя, трасіруючыя (пакідаюць у палёце бачны след), бранябойныя (для паражэння лёгка браніраваных цэлей), запальныя (для запальвання лёгкаўзгаральных рэчываў), бранябойна-запальныя і іншыя; малакаліберныя (да 6,5 мм), нармальнага калібру (7,5—7,69 мм) і буйнакаліберныя (12,7—15 мм). Першыя кулі былі сферычныя, з пераходам да наразной зброі пачалі карыстацца прадаўгаватымі кулямі (ад вінтавой нарэзкі ў ствале атрымліваюць вярчэнне, што стабілізуе іх палёт).

Асноўнай характарыстыкай кулі з’яўляецца балістычны каэфіцыент.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Шарападобныя стрэлы з патанулага карабля «Ружа Мэры» (Mary Rose). Стрэлы як з камення, так і з железа

У IX стагоддзі ў Кітаі быў вынайдзены порах. Трохі пазней яго баявы патэнцыял праявіўся пры стварэнні першых гармат. Раннія снарады былі зроблены з камяню. Але ўрэшце было выяўлена, што камень будзе дрэнна прабіваць каменныя ўмацаванні, што прывяло да выкарыстання шчыльнейшых металаў у якасці снарадаў. Першы зафіксаваны снарад у выглядзе металічнага шара, якім стралялі з ручной гарматы, быў зафікаваны ў 1425 годзе[1]. Стрэлы, вынятыя з борта «Ружы Мэры» (карабль патануў у 1545 годзе і быў падняты ў 1982 годзе), маюць розныя памеры, прытым адны — каменныя, а іншыя — чыгунныя.

Развіццё першых аркебуз прывяло да пачатку выкарыстання адліваных свінцовых шароў у якасці снарадаў. Арыгінальны круглы мушкетны шар быў меншы расточкі ствала. Спачатку яго загружалі ў ствол, проста ўпіраючыся ў парахавы парашок. Пазней у якасці набівання паміж шарам і порахам, а таксама наўзверх шара-снарада (каб утрымаць яго на месцы) выкарыстоўваўся нейкі матэрыял, які моцна ўтрымваў кулю ў ствале.

Кулі з мушкетаў

У XVI стагоддзі ў еўрапейскіх мушкетах куля важыла да 52 г, калібр яе даходзіў да 21,6 мм. Кулі вырабляліся са свінцу, таму са змяншэннем калібра мушкета змяншалася і вага кулі, таму што яна ўвесь час заставалася шаравой, — да канца XVII стагоддзя ў Еўропе ўсталяваўся тып пяхотнай, гладкаствольнай стрэльбы, калібрам 16—18 мм (у Расіі — 17,78 мм), куля да яго важыла каля 25,6 г. Дыяметр кулі ўсіх відаў зброі яшчэ не супадаў з калібрам зброі (паміж куляй і ствалом былі зазоры).

Становішча змянілася са з’яўленнем штуцароў і карабінаў, да іх была прынята сферычная куля амаль аднолькавага дыяметра са ствалом. Пры зараджанні такая куля абгортвалася «пластырам» (кавалачкам шчыльнай тканіны) і заганялася ў ствол шомпалам, ударамі па ім малатком. У наразной зброі таго часу (XVI стагоддзе) даводзілася выкарыстоўваць зменшаны зарад пораху, бо пры нармальным зарадзе круглая куля з мяккага свінцу проста зрывалася з нарэзаў. Гэта прыводзіла да вельмі крутой траекторыі лёту кулі і змяншала дакладнасць стральбы (аднак нават у гэтых умовах трапнасць стральбы са штуцара нашмат перавышала трапнасць стральбы з гладкаствольнай стрэльбы). Занадта павольнае зараджанне і вялікі кошт вытворчасці наразных ствалоў быў прычынай, таго што зброя дадзенага тыпу не надта шырока прымянялася ў войсках.

У пачатку XIX стагоддзя, пасля таго, як развіццё прамысловасці прывяло да патаннення наразнога ствала, у еўрапейскіх войсках сталі сур’езна разглядаць варыянт масавага ўзбраення пяхоты наразнымі стрэльбамі (якія ў далейшым атрымалі назву «вінтоўка»). Пачалі з’яўляцца розныя праекты наразных стрэльбаў, у якіх куля не заганялася ў ствол малатком, а вольна ўваходзіла ў яго і толькі потым пашыралася да патрэбнага дыяметра, каб шчыльна ўваходзіць у нарэзы ствала.

Тыпы куль[правіць | правіць зыходнік]

Куля ў палёце

Шаравістая[правіць | правіць зыходнік]

Шаравістая куля (анг. round; анг. ball, скар. B) — традыцыйная куля ў выглядзе шара з чыстага мяккага свінцу. У наш час такі тып куль выкарыстоўваецца для стральбы з паляўнічай гладкаствольнай зброі і сучасных рэплік дульназараднай зброі.

Бранябойная куля
Германская бранябойная куля 7,92×57 мм тып «К» для стральбы з вінтоўкі Mauser 98

Бранябойная[правіць | правіць зыходнік]

Бранябойная куля (анг. armour piercing, скар. AP) — куля са стрыжнем з сурмяністага свінцу ці са сталёвым стрыжнем у свінцовай кашулі. Кулі са сталёвым стрыжнем маюць вялікую прабіўную здольнасць. З распаўсюджаных прыкладам з’яўляюцца сямействы пісталетных патронаў: 7,62-мм патрон ТТ, 5,45-мм патрон ПСМ, 9-мм патрон ПМ, якія ўключаюць патроны з кулямі са свінцовым і са сталёвым стрыжнем.

Абалонкавая[правіць | правіць зыходнік]

Абалонкавая куля (анг. full metal jacketed, скар. FMJ) — куля з параўнальна цвёрдай абалонкай вакол стрыжня, што перашкаджае зрыву кулі з нарэзаў і спрыяе захаванню куляй сваёй формы пры праходжанні праз перашкоду (палепшанае прабіўное дзеянне кулі). Такая куля можа мець як круглы, так і завостраны носік. Вялікая частка сучасных куль з’яўляецца абалонкавымі.

Абалонкавыя з плоскай галаўной часткай[правіць | правіць зыходнік]

Абалонкавая куля з плоскай галаўной часткай (анг. jacketed flat point, скар. JFP) — куля, якая за кошт плоскай галаўной часткі забяспечвае меншы рыкашэт і большае спыняючае дзеянне.

Экспансіўныя[правіць | правіць зыходнік]

Стрэляная экспансіўная куля .40 S&W (JHP) на фоне патрона таго ж калібру

Экспансіўныя (разгортвальныя, анг. expanding full metal jacketed, скар. EFMJ) кулі якія пры трапленні па цэлі строчваюць энергію за кошт істотнага павелічэння дыяметра дзеля падвышэння спыняючага дзеяння і (ці) змяншэння глыбіні пранікнення. Такія кулі шырока ўжываюцца ў паліцэйскай і паляўнічай зброі, але забаронены да ўжывання ў вайсковых узорах. Экспансіўныя кулі ўмоўна падзяляюцца на дэфармавальныя (неразбуральныя), паўразбуральныя і разбуральныя.

Камбінаваныя[правіць | правіць зыходнік]

Камбінаваная куля (анг. SOST, скарачэнне ад Special Operations: Science and Technology) — куля, якая спалучае ў сабе адначасна функцыі экспансіўных і бранябойных: валодае пустым наканечнікам і цвёрдым стрыжнем, што забяспечвае адначасова падвышаннае спыняючае дзеянне і пранікальную здольнасць. Сучасныя баявыя кулі, што складаюцца на ўзбраенні арміі ЗША, — камбінаванага тыпу.

Зноскі

  1. «Important Dates in Gun History».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]