Лаўрэнсу ды Алмейда
Лаўрэ́нсу ды Алме́йда (парт.: Lourenço de Almeida; пам. 1508) — сын Франсішку ды Алмейды, першага партугальскага віцэ-караля Індыі.
Удзельнічаў у паходзе 7-ы Індыйскай армады Партугаліі пад кіраўніцтвам свайго бацькі. У 1505 годзе стаў, відаць, першым партугальцам, які прыплыў на Шры-Ланку. Заснаваў там гандлёвую факторыю ў раёне Каломба.
У 1506 годзе Лаўрэнсу ды Алмейда ўзначаліў сілы партугальцаў у бітве пры Канануры, якая завяршылася поўнай перамогай партугальцаў. Аднак праз два гады ў бітве пры Чаўле партугальцы пад яго камандаваннем пацярпелі паражэнне, карабель Лаўрэнсу ды Алмейда затануў, і сам ён загінуў[1].
Партугальцы на чале з Франсішку ды Алмейда ўзялі рэванш праз год у бітве пры Дыу, разграміўшы аб'яднаны флот Мамлюкскага султаната, Калікута і Гуджарата.
Лаўрэнсу ды Алмейда прысвечаны радкі ў эпічнай паэме «Лузіяды» вялікага партугальскага паэта Луіша ды Камоэнса.
Зноскі
- ↑ Lourenco de Almeida (Portuguese explorer) (англ.). — артыкул з Encyclopædia Britannica Online.