Перайсці да зместу

Любуцк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Траецкая царква, пабудаваная на месцы Любуцка пры Пятры I

Любуцк (руск.: Любутск, Любуцк, Любутеск) — старажытнарускі горад, які знаходзіўся на правым беразе Акі за 4 км ніжэй упадзення ў яе Дугны (цяпер — с. Троіцкае Калужскай вобласці). З XIV ст. належаў Вялікаму Княству Літоўскаму, быў яго перадавой крэпасцю. Назва горада паходзіць ад ручая Любуча, які працякаў з паўночнага і ўсходняга боку. Згадваецца ў летапісным Спісе рускіх гарадоў блізкіх і далёкіх.

Да далучэння да Вялікага Княства Літоўскага Любуцк знаходзіўся ў складзе Бранскага княства. Любуцк згадваецца ў 1372 годзе, калі вялікі князь літоўскі Альгерд, аб'яднаўшыся з войскам вял.кн. цвярскога Міхаіла Аляксандравіча, выступіў супраць вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча, якому ўдалося спыніць яго войска каля Любуцка. У 1396 годзе Любуцк уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Яго наваколлі разарыў разанскі князь Алег Іванавіч, за што ўвосень гэтага ж года вялікі князь літоўскі Вітаўт спустошыў Разанскае княства. У 1402 годзе разанскі князь Радаслаў Ольгавіч збіраўся заваяваць Бранск, але яго сустрэлі пад Любуцкам літоўскія князі Лугвен і Аляксандр Патрыкеевіч, якія разбілі разанскае войска, а князя ўзялі ў палон.

Напачатку XV ст. на некаторы час Любуцк патрапіў у залежнасць ад Вялікага княства Маскоўскага. Аднак, напэўна, падчас вайны маскоўска-літоўскай вайны 1406-1408 гадоў горад зноў далучаны да Вялікага Княства Літоўскага і стаў цэнтрам на­месніцтва. У 1460 годзе Любуцк згадваецца як пункт, якога дасягнуў хан Ахмат падчас руху па літоўскіх землях да Масквы. У 1473 годзе маскоўскі ваявода Бяклемішаў хадзіў на любуцкія воласці. У адказ любучане напалі на маскоўскага князя Сямёна Адоеўскага і забілі яго. У жніўні 1492 годзе маскоўскі ваявода князь Фёдар Цялепня-Абаленскі захапіў Любуцк, спаліў яго і адвёў у палон каля 1,5 тыс. жыхароў. Напачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500-1503 гадоў Любуцк быў захоплены маскоўскімі войскамі Якава Захар'іна і ў 1503 годзе паводле шасцігадовага перамір'я прызнаны Літвой за Масквой.

Іван III завяшчаў яго сыну Андрэю. У XVI ст. Любуцк перастаў быць крэпасцю на Ацэ і робіцца пасадам. У запісе 1566 года Любуцк згадваюць ужо як гарадзішча. На заходнім баку гарадзішча захаваўся вал вышынёй да 30 м і даўжынёй больш за 100 м.