Аляксандр Патрыкеевіч
Аляксандр Патрыкеевіч | |
---|---|
Смерць | 1433 |
Род | Карэцкія |
Бацька | Патрыкей Давыдавіч |
Дзеці | Агрыпіна Аляксандраўна[d][1], Васіль Аляксандравіч Карэцкі[d][2][3] і Сямён Карэцкі[d][3] |
Аляксандр Патрыкеевіч — князь старадубскі (да 1406) і карэцкі (пасля 1406).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Унук старосты гарадзенскага князя Давыда, другі сын князя Патрыкея Давыдавіча[4]. Акалічнасці, праз якія князя Аляксандра Патрыкеевіча пазней сталі памылкова лічыць сынам князя Патрыкея Нарымонтавіча[5], пакуль пэўна не ясныя, на думку А. Ліцкевіча, напэўна, прычыну трэба шукаць у адным з радаслоўцаў, складзеных у Маскоўскай дзяржаве ў XVI—XVII ст.[6].
З прычыны важнага месца Старадубскага княства на ўсходзе ВКЛ, князя не пакідалі па-за ўвагай уладары Княства, Польшчы, Ордэна і рускія князі[7]. У 1388 годзе князь Аляксандр быў пры двары караля Уладзіслава Ягайла[7]. У 1387—1394 гадах князь Аляксандр выступае сярод паручыцеляў за пана Братошу, у грамаце ён запісаны пасля князя Альгімонта[6]. На пачатку студзеня 1397 года князь Аляксандр называны старадубскім князем падчас прыезду ў Маскву на хрысціны сына вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча[4]. У 1398 годзе ордэнскі бок назваў яго сярод пажаданых сведак Салінскага дагавора — у прэліміраным пагадненні (23.4.1398, Гродна) князь Аляксандр названы паміж князямі Іванам Альгімонтавічам і Ямантам[7], але ў самім дагаворы (12.10.1398, востр. Салін) перад Іванам Альгімонтавічам[6]. На думку Алега Ліцкевіча, такая перамена месцаў сведчыць пра пэўнае суперніцтва ў знатнасці паміж родамі, а таксама дадаткова пацвярджае, што Аляксандр Патрыкеевіч не належаў ні да адной з галін Гедзімінавічаў[6]. Таксама і на думку А. В. Кузьміна, у канцы XIV ст. Гедзімінавіч не мог займаць у дакументах такія месцы сярод тытулаванай знаці[5].
У 1400 годзе князь Аляксандр прысягнуў каралю Уладзіславу Ягайлу на вернасць у выпадку смерці вялікага князя Вітаўта. У 1402 годзе разам з князем Лугвенам Альгердавічам пад Любуцкам разбіў разанскага князя Радаслава Алегавіча, які хацеў захапіць Бранск. У 1403 годзе выдаў дачку Агрыпіну замуж за мажайскага князя Андрэя Дзмітрыевіча — брата вялікага князя маскоўскага Васіля[8][9].[7] Апроч Старадубскага княства князю Аляксандру (Alexander Patirkens son) належала сяло на паўдарогі з Сурвілішак да Гальшан, яно згадана каля 1385 года ордэнскімі Die Littauischen Wegeberichte, але цяпер не лакалізуецца[10].
У 1406 годзе, на пачатку літоўска-маскоўскай вайны, старадубскі князь Аляксандр арыштаваны на загад вялікага князя Вітаўта[7]. Раней, на грунце датыроўкі Антонім Прахаскам двух лістоў вялікага князя Вітаўта[11], лічылася, што арышт адбыўся ў 1407 годзе, але абодва лісты напісаны ў 1406 годзе[12]. Пазней, напэўна, вызвалены і атрымаў ва ўладанне частку Карца на Валыні[7]. Другой часткай Карца тым часам валодалі князі Астрожскія[13].
Радавод і нашчадкі
[правіць | правіць зыходнік]Меў сына князя Васіля, якога называе Свідрыгайла ў сваёй грамаце ад 1443 года да карэцкіх баяр[14]. Такім чынам, ад князя Аляксандра Патрыкеевіча паходзіць род князёў Карэцкіх.[13]
Пячатка і манеты
[правіць | правіць зыходнік]Пячаткі кн. Аляксандра Патрыкеевіча не захаваліся да нашага часу. Апошняя з захаваных, на акце прысягі 1400 года, апісаная ў 1782 годзе — двухбаковая, на адным баку «знак якісьці», на другім «надпіс рускі». Невядома ці тоесны «знак якісьці» з 1400 года знаку з аднабаковай пячаткі кн. Аляксандра, замаляванаму ў трансумпце Салінскага дагавора (1398) у 1419 годзе. Прынамсі знак з пячаткі на Салінскім дагаворы тоесны знаку з манет, якія з-за благога прачытання легенд прыпісвалі вял.кн. Вітаўту, кн. Карыбуту-Дзмітрыю Альгердавічу і аднаму з залежных ад яго чарнігаўскіх князёў. Толькі В. В. Зайцаў звярнуў увагу на арэал знаходак гэтых манет, адпаведны Старабудскаму княству, і здолеў пераканаўча атрыбутаваць іх кн. Аляксандру Патрыкеевічу, прачытаўшы цалкам легенду напісаную «супраць гадзіннікавай стрэлкі і як бы па спіралі»: «ПЕЧТЬ КНЗѦ ОЛКСАНДРА ПТР». Біццё манет В. В. Зайцаў датаваў 2-й паловай 1380-х — пачаткам 1390-х гадоў. Такім чынам, перамалёўка пячаткі з трансумпта Салінскага дагавора пацвярджае атрыбуцыю манет В. В. Зайцавым. Паходжанне «княжацкага знака» кн. Аляксандра Патрыкеевіча дакладна не вызначана.[15]
На думку С. У. Палехава, кн. Аляксандр Патрыкеевіч ужываў адзін «княжацкі знак» (для пячаткі і манет) даволі працяглы час — з канца 1380-х гадоў да 1398, а магчыма, і да 1401 года, нават нягледзячы на змены ў сваім палітычным стане, якія маглі прывесці да спынення біцця ўласнай манеты. Ужыванне «княжацкага знаку» адпавядала рускай сфрагістычнай традыцыі, гэтым наследаванне яе князем не абмяжоўваецца, калі да Салінскага дагавора (1398) ён на заходні ўзор прывесіў пячатку ў васковым каўчэжцы, то ў 1400 годзе яго ўласная грамата замацавана двухбаковай пячаткай, характэрнай рускай сфрагістыцы.[16]
Зноскі
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 172, 261.
- ↑ Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 172.
- ↑ а б Лицкевич 2014, с. 35..
- ↑ а б Кузьмин А. В. (ГУАГН) Рюриковичи или Гедиминовичи? Проблема идендификации русско-литовских князей XIV – начала XV в. в письменных источниках XIV–XVII в. // Древняя Русь: вопросы медиевистики № 3(69), сентябрь 2017 г. -- С. 67.
- ↑ а б в г Лицкевич 2014, с. 36..
- ↑ а б в г д е Полехов 2017, с. 238.
- ↑ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku. — Warszawa,1895. — S. 172.
- ↑ Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. (Biblioteka genealogiczna. T. 2.) — Poznań; Wrocław, 1999. — S. 31-32.
- ↑ Лицкевич 2014, с. 37..
- ↑ Codex epistolaris Vitoldi, magni ducis Lithuaniae. 1376—1430 / Ed. A. Prochaska. (Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T. 6.) Cracoviae, 1882. № 352, 369.
- ↑ Беспалов Р. А. Литовско-московские отношения 1392—1408 годов в связи со смоленской, черниговской и рязанской политикой Витовта и Василия I // СР. Вып. 12. — М., 2016. — С. 154—155, прим. 125 на с. 153.
- ↑ а б Корац // ЭВКЛ у 3-х т.
- ↑ Halecki O. Ostatni lata Swidrygiełły. -- S. 58, 291.
- ↑ а б Полехов 2017, с. 242-243.
- ↑ Полехов 2017, с. 243.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича (1387—1394 гг.) // Беларуская даўніна. — 2014. — В. 1. — С. 29-58.
- Полехов С. В. Несохранившаяся печать князя Александра Патрикеевича Стародубского // Средневековая нумизматика Восточной Европы. — М.: 2017. — В. 6. — С. 236—246.