Перайсці да зместу

Людвік і зорны конь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Людвік і зорны конь
англ.: Ludo and the Star Horse
Выданне
Вокладка беларускага выдання.
Жанр фэнтэзі
Аўтар Мэры Сцюарт
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 1974
Дата першай публікацыі 1974
Асобнае выданне 1974
Выдавецтва Brockhampton Press[en]

«Людвік і зорны конь» (англ.: Ludo and the Star Horse) — фэнтэзійная аповесць шатландскай пісьменніцы Мэры Сцюарт. Упершыню апублікавана выдавецтвам «Brockhampton Press[en]» у 1974 годзе.

Людвік, баварскі сялянскі хлопчык, не асабліва кемлівы, але далікатны, надзейны і добрасумленны. Калі Рэнці, добры стары конь хафлінгер[en] — коні гэтай пароды, паводле падання, цягнуць калясніцу сонца — вырываецца і ўцякае, Людвік ідзе за ім праз страшную завіруху і трапляе ў пячору, дзе сустракае кентаўра. Ён апынаецца ў Зорнай краіне, а гэта — Дом Стральца.

Стралец кажа Людвіку, што Рэнці сапраўды Зорны конь, і што яны абодва могуць, калі пажадаюць, пераследваць сонца праз наступныя Дамы. Калі ім удасца дагнаць сонца, перш чым яно зноў дасягне Дома Стральца, Рэнці будзе дазволена ўпрэгчыся ў сонечную калясніцу замест таго, каб чакаць самотнай смерці кульгавага старога каня. Падарожжа будзе жорсткім і цяжкім, і ім давядзецца змагацца з жудаснымі, часта варожымі гаспадарамі кожнага з Дамоў — але Людвік застаецца верны свайму сябру Рэнці і рашаецца дапамагчы.

Крытык Імаджэн Расэл Уільямс[d] ахарактарызавала кнігу наступным чынам: «Гэта невялікая кніга, але яе маштаб вар’іруецца ад невымоўнага да бытавых дэталяў, ад абавязкаў багоў да адносінаў між чалавекам і жывёлінай, і пры гэтым яна далікатная, незабыўна шчымлівая»[1]. Крытык таксама адзначыла, што аповесць «Людвік і зорны конь» — гэта самы захапляльны, упэўнены, вобразны спосаб, якім калі-небудзь увасаблялі задыяк у мастацкай літаратуры[1].

У 1975 годзе аповесць «Людвік і зорны конь» была адзначана Прэміяй Шатландскага савета мастацтваў[en][2].

Папулярызацыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 1975 годзе аповесць «Людвік і зорны конь» была прачытана ў межах тэлесерыяла «Джэканоры[en]»[3]:

  • Сезон 14, серыя 11. «Людвік і зорны конь: Частка 1 — Знікненне каня» (22 верасня 1975)
  • Сезон 14, серыя 12. «Людвік і зорны конь: Частка 2 — Стралец, Казярог і Гула» (23 верасня 1975)
  • Сезон 14, серыя 13. «Людвік і зорны конь: Частка 3 — Рыбы, Баран і Бык» (24 верасня 1975)
  • Сезон 14, серыя 14. «Людвік і зорны конь: Частка 4 — Блізняты, Рак, Панна і Леў» (25 верасня 1975)
  • Сезон 14, серыя 15. «Людвік і зорны конь: Частка 5 — Шалі і Скарпіён» (26 верасня 1975)

Беларускі пераклад

[правіць | правіць зыходнік]

Беларускамоўнае выданне кнігі было зроблена Беларускім гуманітарным адукацыйна-культурным цэнтрам у 1996 годзе. Пераклад быў зроблены Аленай Арловай, праілюстравала кнігу Л. І. Мележ. Наклад склаў 3000 асобнікаў.

  1. а б Imogen Russell Williams. Winter reads: Ludo and the Star Horse by Mary Stewart (англ.). Сайт «The Guardian» (1 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2021. Праверана 16 ліпеня 2023.
  2. Mary Stewart (англ.). Сайт «The Herald[en]» (22 мая 2014). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2022. Праверана 16 ліпеня 2023.
  3. Jackanory (1965–1996) — Episode List (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 16 ліпеня 2023.
  • Мэры Сцюарт. Людвік і зорны конь = Ludo and the Star Horse / Пер. з англ. Алены Арловай. — Мінск: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, 1996. — С. 120. — ISBN 985-6012-01-5.