Даўжыня цела да 16 см, размах крылаў 25-27 см; драбнейшы і зграбнейшы за вераб’я. Верх буравата-шэры, з чарнява-бурымі стракацінамі. Ніз светла-вохрысты. На грудзях і баках цёмныя стракаціны, крайнія рулявыя белыя. Ногі цялесна-ружовыя; кіпцюр задняга пальца кароткі.
Арэал: Еўропа (акрамя Ісландыі, паўднёвай часткі Пірэнейскага паўвострава, астравоў Міжземнага мора і крайняй паўночна-ўсходняй часткі), паўночная частка Малой Азіі, Каўказ, Заходняя і Цэнтральная Азія да Байкала і вярхоўяў Калымы, на подні — да паўночнай часткі Ірана і паўночна-заходніх адгор’яў Гімалаяў.
Пералётны. Месца зімовак: Крыт і астравы Эгейскага мора, Малая Азія, поўдзень Ірана, Блізкі Усход, узбярэжжа Персідскага заліва, верагодна, поўнач Ірана, Індыя, Паўночная і Трапічная Афрыка (ад берагоў Гвінеі да Эфіопіі на ўсход і да Трансвааля і Наталя на поўдні).
Насяляе рэдкія і добра асветленыя сухія тыпы дрэвастояў (часцей хвойныя лясы, чым лісцевыя, асабліва іх ускрайкі і паляны), сухія адкрытыя мясціны з групамі дрэў і кустоў, лесапалосы, высокія жывыя агароджы, бярэзнікі, маладыя ельнікі (да 1 м) і нават (на поўначы) спелыя бары са слаба развітым подсцілам. У гарах даходзіць да верхняй мяжы лясоў: у Татрах (сярод горнай сасны) — да 1600 м, у Альпах — 2300 м, у Азербайджане — 2500 м. У час пералётаў можа сустракацца на бязлесных месцах. На Беларусі шматлікі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.
Гняздо ладзіць на зямлі ў ямцы на плоскім месцы або невялікім пагорку, пад прыкрыццем травяністай расліннасці ці без заслоны, шчыльнае, краі гнязда роўныя з зямлёй. Вузкі знешні слой і высцілка з лістоў сухой травы, каранёў і радзей валосся. Дыяметр 9-12 см.
Яйкі 4-6 (часам 2-8) звычайна асіметрычныя, з вострым вузейшым канцом. Афарбоўка вельмі зменлівая. Часцей за ўсё: светла-шэра-карычневыя з дробнымі і густымі шэра-карычневымі або чорна-карычневымі плямкамі; шэра-блакітныя са светла- або цёмна-шэрымі плямкамі; ружова-карычневыя са светлымі або цёмнымі карычнева-вішнёвымі плямкамі; аліўкава-шэрыя са светла- і цёмна-шэрымі. Плямкі глыбокія і паверхневыя аднаго і таго ж колеру і адрозніваюцца толькі інтэнсіўнасцю афарбоўкі (паверхневыя звычайна цямнейшыя). Яны могуць канцэнтравацца на шырэйшым канцы. Можна таксама сустрэць яйкі без плям і мазкоў — блакітныя або цёмна-карычневыя. Памеры: 20,5 х 15,5 мм.