Магілёўская даўніна
Выгляд
- «Могилевская старина» — зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903 гг. Выйшлі 3 выпускі (1900-03 гг.) пад рэдакцыяй Е. Р. Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губерні, гістарычныя дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стэфана Баторыя ад 1 сакавіка 1581 г., карта магілёўскага намесніцтва 1768 г., успаміны пра падзеі 1812 г. на Магілёўшчыне; у 2-м выпуску — апісанне Крычаўскага графства А. Меерам у 1786 г., фрагменты запісак 1816 г. і 1822 г. англійскага падарожніка Р. Пінкертона пра беларускія губерні, бібліяграфічны паказчык асноўных прац Раманава; у 3-м выпуску — дакументы 16 — 20 стст. У 2-м і 3-м выпуску змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гістарычных крыніц вызначае высокі навуковы ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыядычных выданняў.
- «Магілёўская даўніна» — зборнік гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 г. штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «Магілёўскай даўніны» 1898—1903 гг. Матэрыялы ахопліваюць гістарычны перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- «Магілёўская даўніна» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).