Перайсці да зместу

Маўклівая вясна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маўклівая вясна
Silent Spring
Жанр эсэ
Аўтар Рэйчэл Карсан
Мова арыгінала амерыканскі варыянт англійскай мовы
Дата першай публікацыі 27 верасня 1962
Выдавецтва Houghton Mifflin Harcourt[d]

«Маўклівая вясна» (англ. Silent Spring) — кніга Рэйчэл Карсан 1962 года аб наступствах забруджвання навакольнага асяроддзя пестыцыдамі. Кніга апісвае гібельнае ўздзеянне пестыцыдаў і ядахімікатаў на прыроднае асяроддзе, асабліва на птушак. Карсан абвінаваціла хімічную прамысловасць у дэзынфармацыі, а прадстаўнікоў улады — у прыняцці на веру заяў вытворцаў хімікатаў.

У канцы 1950-х гадоў Карсан звярнула ўвагу на праблемы аховы навакольнага асяроддзя, асабліва тыя, якія выклікаюцца сінтэтычнымі пестыцыдамі. Кніга карысталася папулярнасцю, прымусіла значную частку амерыканскага грамадства задумацца аб экалагічных праблемах і выклікала жорсткае супраціўленне хімічных кампаній. Нягледзячы на гэта, кніга спрыяла змене заканадаўства аб абыходжанні з хімікатамі, а ў далейшым — поўнай забароне прымянення ДДТ у сельскай гаспадарцы на ўсёй тэрыторыі ЗША і стварэнню Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя[1][2][3].

У сярэдзіне 1940-х гадоў біёлаг Рэйчэл Карсан даследавала наступствы прымянення пестыцыдаў, якія былі распрацаваны ў рамках ваенных навуковых праграм пасля Другой сусветнай вайны. У 1957 годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША пачало праграму па знішчэнні вогненных мурашак і няпарнага шаўкапрада. Падчас выканання праграмы праводзілася распыленне з паветра сумесі ДДТ і іншых пестыцыдаў, у тым ліку над прыватнымі зямельнымі ўчасткамі. Карсан займалася вывучэннем уздзеяння гэтых хімікатаў і выпусціла кнігу пра гэта. Землеўладальнікі падалі ў суд на міністэрства з патрабаваннем спыніць апрацоўку іх зямельных участкаў ядахімікатамі без іх згоды; потым да справы далучыліся і іншыя рэгіёны. Іск быў адхілены[4].

Рэйчэл Карсан у 1920 г.

У 1958 годзе Вольга Оўэнс Хакінс (англ.: Olga Owens Huckins) апублікавала ў газеце Boston Herald нататку аб гібелі птушак на яе землях пасля распылення з паветра ДДТ з мэтай барацьбы з маскітамі. Копію гэтага артыкула яна даслала Карсан[5][6].

Вашынгтонскае аддзяленне «Таварыства натуралістаў імя Адзюбона» (англ. Audubon Naturalist Society) выступала супраць праграмы ўрада па распыленні пестыцыдаў і наняла Рэйчэл Карсан, каб правесці і апублікаваць даследаванне гэтай практыкі і яе наступстваў. Так Карсан пачала чатырохгадовы даследчы праект «Silent Spring», дзе яна збірала прыклады нанясення шкоды прыродзе і людзям пры ўжыванні ДДТ.

У 1959 годзе Служба сельскагаспадарчых даследаванняў (англ. Agricultural Research Service) Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША ў адказ на крытыку прымянення ДДТ, выпусціла фільм «Суд над вогненнымі мурашкамі» (англ.: Fire Ants on Trial); Карсан назвала гэты фільм «адкрытай прапагандай» (flagrant propaganda), якая ігнаруе ўсе пагрозы, якія нясе распыленне пестыцыдаў. У сваім лісце, апублікаваным у Washington Post вясной таго ж года, Карсан адзначыла значнае скарачэнне папуляцый птушак, якое, на яе думку, адбылося з прычыны празмернага выкарыстання пестыцыдаў. Тады ж у ягадах журавін ураджаю 1957, 1958 і 1959 гадоў былі выяўленыя высокія канцэнтрацыі гербіцыду амітрола, які выклікае рак у лабараторных пацукоў, у выніку чаго быў прыпынены продаж усіх харчовых прадуктаў з журавінамі, а забруджаныя партыі былі канфіскаваны і знішчаны. Гэта справа атрымала назву «Вялікі журавінавы скандал» (англ.: Great Cranberry Scandal). Карсан звярнула ўвагу на тое, што FDA збіраецца пераглядзець нормы рэгулявання пестыцыдаў, і на агрэсіўную тактыку прадстаўнікоў прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці, якія рэзка супярэчылі дадзеным мноства даследаванняў, апублікаваных у навуковай літаратуры.

У Нацыянальнай бібліятэцы медыцыны Карсан пазнаёмілася з навукоўцамі-медыкамі, якія займаліся вывучэннем канцэрагеннага дзеяння шэрагу хімічных рэчываў. Значнае даследаванне ў гэтай галіне правёў Вільгельм Х’юпер (англ.: Wilhelm Hueper) з Нацыянальнага інстытута анкалогіі, які быў заснавальнікам аддзела даследаванняў рака, выкліканага забруджваннем навакольнага асяроддзя (англ.: environmental cancer section) у гэтым інстытуце і выявіў канцэрагеннае дзеянне многіх пестыцыдаў. Рэйчэл Карсан з навуковым асістэнтам Жаннай Дэйвіс (Jeanne Davis) і бібліятэкарам НДА Дораці Алгір (Dorothy Algire) знайшлі сведчанні існавання сувязі паміж ужываннем пестыцыдаў і анкалагічным захворваннем.

Да 1960 году ў Карсан было дастаткова матэрыялаў для даследавання, і напісанне кнігі пайшло хутка. Акрамя вывучэння навуковай літаратуры, Карсан даследавала сотні асобных выпадкаў захворванняў людзей і нанясення экалагічнай шкоды праз уздзеянне пестыцыдаў. Але ў студзені 1960 года ў Рэйчэл Карсан выявілася цяжкая хвароба. Гэта замарудзіла працу над кнігай. Да сакавіка 1960 Карсан амаль ачуняла і напісала чарнавікі двух глаў кнігі, у якіх разглядалася канцэрагеннае дзеянне пестыцыдаў. Стан здароўя навукоўцы не паляпшаўся, праз што выданне «Маўклівай вясны» прыйшлося адкласці на 1961 год, а потым на пачатак 1962 года. Да сярэдзіны года рэдагаванне завяршылася і кніга была апублікавана 27 верасня 1962 года.

Зноскі

  1. DDT. United States Environmental Protection Agency.
  2. Paull, John. The Rachel Carson Letters and the Making of Silent Spring (англ.) // Sage Open. — 2013. — July (no. 3). — P. 1—12
  3. Josie Glausiusz. (2007), Better Planet: Can A Maligned Pesticide Save Lives? Discover Magazine. Page 34.
  4. Greene, Jennifer (February 2008). «Obituary for Marjorie Spock Архівавана 29 жніўня 2015.» (PDF). Newsletter of the Portland Branch of Anthroposophical Society in Portland, Oregon.
  5. Matthiessen, Peter (2007). Courage for the Earth: Writers, Scientists, and Activists Celebrate the Life and Writing of Rachel Carson. Mariner Books. p. 135. ISBN 978-0-618-87276-3.
  6. Himaras, Eleni (May 26, 2007). «Rachel’s Legacy — Rachel Carson’s groundbreaking 'Silent Spring'». The Patriot Ledger. Quincy, MA
  • Berry-Cabán, Cristóbal S. «DDT and silent spring: fifty years after.» Journal of Military and Veterans' Health 19 (2011): 19-24.
  • Graham, Frank (1970) [1st. Pub. Houghton Mifflin, 1970]. Since Silent Spring. Fawcett. ISBN 978-0-449-23141-8.
  • Hynes, H. Patricia (1989). The Recurring Silent Spring. Athene series. New York: Pergamon Press. ISBN 978-0-08-037117-7.
  • Litmans, Brian; Miller, Jeff (2004). Silent Spring Revisited: Pesticide Use And Endangered Species. Diane Publishing Co. ISBN 978-0-7567-4439-7.