Перайсці да зместу

Медузы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцыфоідныя медузы з атрада Rhizostomeae

Меду́зы — асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць.

Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некаторыя сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. Медузы ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некаторых гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, медуза развіваецца з яйца.

Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. Медузам уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўжынёй да 30 м), у некаторых з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.