Перайсці да зместу

Мікалай Мікалаевіч Чуркін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Мікалаевіч Чуркін
Дата нараджэння 21 мая 1869(1869-05-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 снежня 1964(1964-12-27)[1] (95 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Педагог Міхаіл Міхайлавіч Іпалітаў-Іванаў[d]
Прафесіі кампазітар
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн «Знак Пашаны»
Народны артыст Беларускай ССР

Мікалай Мікалаевіч Чуркін (21 мая 1869, Сцепанаван, Арменія — 27 снежня 1964) — беларускі кампазітар і фалькларыст, адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. Народны артыст Беларусі (1949).

Скончыў музычнае вучылішча Рускага музычнага таварыства ў Тыфлісе (1892, клас М. Іпалітава-Іванава), Пецярбургскую АМ (1899). Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне (з 1903), Вільні (з 1905). На Беларусі з 1914, педагог настаўніцкай семінарыі і агульнаадукацыйных школ, загадчык музычнай падсекцыі павятовага выканкома, арганізатар мастацкай самадзейнасці ў г. Мсціслаў, з 1924 выкладчык педагагічнага тэхнікума ў Магілёве, з 1935 у Менску.

Сабраў больш за 3 тыс. мелодый песень і танцаў розных народаў (беларускіх, грузінскіх, армянскіх, азербайджанскіх, польскіх, літоўскіх, таджыкскіх). 53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (вып. 7, 1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» (1949) і «Беларускія народныя песні» (1959).

Адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі, пачынальнік нацыянальнага жанравага сімфанізму, музыкі для дзяцей. Яго музыка адметная аптымізмам, строгай класічнай формай, меладычнасцю, апорай на беларускі музычны фальклор. Сярод твораў: оперы «Вызваленне працы» (паст. 1922), «Раскіданае гняздо» паводле Я. Купалы (клавір, 1959—64), радыёопера для дзяцей «Рукавічка» (паст. 1948); музычныя камедыі «Кок-сагыз» (паст. 1939), «Песня Бярэзіны» (паст. 1947); 3 сімфаньеты (1925, «Беларускія карцінкі»; 1949, 1955), 4 сімфанічныя сюіты; 4 сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» (1952) для аркестра беларускіх народных інструментаў; 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

  • Вызваленне працы (паст.1922)
  • Раскіданае гняздо (клавір, 1959-64)
  • радыёопера для дзяцей «Рукавічка» (паст.1948)
  • Памяці Янкі Купалы (1952)

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
Мемарыяльная дошка

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску, дзе Мікалай Чуркін пражываў у 1957—1964 гадах, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Зноскі

  1. Чуркин Николай Николаевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  • Жураўлёў Дз. Чуркін // БЭ ў 18 тамах. Т. 17. Мн., 2003. С. 291.
  • Журавлев Д. Большая дорога: Народный артист БССР Н.Н. Чуркин. Мн., 1964.