Перайсці да зместу

Міхайлаўскія могілкі (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхайлаўскія могілкі
Свята-Міхайлаўская царква на могілках. 1918
Свята-Міхайлаўская царква на могілках. 1918
55°29′26″ пн. ш. 28°44′53″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Краіна
ВобласцьВіцебская вобласць
РаёнПолацкі раён
МесцазнаходжаннеПолацк 
Гісторыя
СлавутасціЦарква ў гонар Арханёла Міхаіла (не збераглася) 
Дата заснаванняXVII стагоддзе 
Map

Міхайлаўскія могілкі — колішнія могілкі ў Полацку.

Размяшчаліся на паўночным захадзе горада паміж Запалоццем і Пагіршчынай. Сваю назву яны атрымалі ад могілкавай царквы ў гонар Арханёла Міхаіла. Могілкі былі ўніяцкімі. Вядома, што драўляная царква стаяла тут ужо ў XVII ст. У 1811 г. была пабудаваная мураваная царква ў стылі барока[1].

На пачатку XX ст. гэта былі найбольшыя хрысціянскія могілкі горада. У часе савецка-польскага супрацьстаяння ў верасні 1919 — маі 1920 года, калі горадам валодала Чырвоная Армія, а на Задзвінні стаялі польскія войскі, царква пацярпела ў выніку артылерыйскага абстрэлу. Акт № 10 павятовай камісіі па ахове помнікаў 04.08.1920 г. засведчыў наяўнасць у царкве абразоў часоў пабудовы. Пад царквой было сутарэнне, у якое ўвайсці можна было з царкоўнай залы. У ім меліся дзве нішы з разламанай замуроўкай. На правай нішы была драўляная дошка з надпісам, што тут пахаваны купец Ян Камковіч. Побач пахаванне маці Піліпа Кунцэвіча — Юліяны, памерлай у 1815 годзе. У левай нішы знойдзеныя рэшткі нейкага ўніяцкага святара, з прыкметамі бальзамавання. Абедзве магілы разрабаваныя, бо ў трунах назіралася парушэнне костак. Апрача таго, у царкве захоўваўся звон з Сафійскага сабора з надпісамі «roku 1715» i «Sw. Sophia»[1].

Могілкі былі акружаныя ровам і валам, мелі шмат дрэваў, што надавала ім выгляд гаю. На гэтых могілках быў пахаваны эсэр Пётр Шалкоўскі, забіты 19 кастрычніка 1905 г. паліцыяй у часе дэманстрацыі на вул. Віцебскай, калі чытаў цароў маніфест аб палітычных свабодах і ўтварэнні Дзяржаўнай Думы. Магіла мела гранітны помнік і жалезную агароджу[1].

Да паўночнай часткі могілак шчыльна падыходзілі вялікія вайсковыя могілкі, што ўтварыліся ў часе Першай сусветнай вайны, дзе было пахавана некалькі тысячаў салдат, якія памерлі ў полацкіх вайсковых шпіталях. Большасць магіл былі індывідуальныя і размешчаныя радамі. На крыжах былі шыльды з пазначэннем прозвішча, годнасці і вайсковай часці[1].

Падчас пашырэння ў 1930-х гадах полацкага аэрадрома, што межаваў з могілкамі, улады ліквідавалі іх, высеклі гай, тэрыторыю выраўнялі. Папярэдне было абвешчана, што сваякі могуць перазахаваць рэшткі сваіх родных на іншых могілках, але такіх было мала. Царква была зруйнаваная разам з могілкамі і зраўнаваная з зямлёй[1]. Аэрадром на месцы былых могілак існаваў з да 1970-х гадоў. У 1990-я гады на гэтай тэрыторыі сталі будаваць новы жылы мікрараён «Аэрадром»[2].

Дагэтуль у часе будаўнічых работ у гэтым раёне будаўнікі адкопваюць старыя пахаванні[3][2][1].

Зноскі