Уніяцкая царква на Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Уніяцкая царква на Беларусі, Грэка-каталіцкая царква на Беларусі — аб’яднанне ўніяцкіх епархій на Беларусі. Узнікла ў выніку Брэсцкай уніі 1596, калі Праваслаўная Царква Беларусі і Украіны (гл. Кіеўская мітраполія) аднавіла адзінства з Каталіцкай Царквой на ўмовах падпарадкавання Папу Рымскаму, прыняўшы каталіцкае веравучэнне і кананічную дысцыпліну пры захаванні праваслаўнай абраднасці.

Утварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Спробы ажыццявіць царкоўную унію ў Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) рабіліся з XV ст. (гл. Канстанцкі сабор 1414-1418). Фларэнційская унія 1439, падпісаная з боку Кіеўскай мітраполіі мітрапалітам Ісідорам, была адвергнута ў ВКЛ; аднак шэраг літоўска-наваградскіх мітрапалітаў былі яе прыхільнікамі, у т. л. Грыгорый Балгарын, Місаіл, Іосіф I. На Брэсцкім саборы 1596 большасць праваслаўных епіскапаў на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам падтрымала унію. Уніяцкая Царква захавала свае структуры; усе праваслаўныя епархіі, якія ахоплівалі беларускія землі, сталі ўніяцкімі (Пінска-Тураўская ўніяцкая епархія, Полацкая ўніяцкая архіепархія, Смаленская і Уладзіміра-Берасцейская епархіі), а кіраўнікі захавалі тытул мітрапалітаў кіеўскіх з кафедрай у Навагрудку, Вільні, часам у Варшаве (з XVIII ст.).

Дагматычныя, абрадава-літургічныя, іерархічныя і юрыдычныя асновы ўніяцтва вызначаны 33 «берасцейскімі артыкуламі», прызнанне якіх з’яўлялася ўмовай для заключэння уніі. Артыкулы былі закліканы ліквідаваць дэзарганізацыю Праваслаўнай Царквы ва ўсіх сферах духоўнага, матэрыяльнага і культурнага жыцця і мелі выразную этнаахоўную накіраванасць. Яны абгаворвалі дзяржаўныя гарантыі памеснасці Уніяцкай Царквы, стваралі перашкоду яе лацінізацыі і паланізацыі, прадугледжвалі захаванне адміністрацыйнай самастойнасці і незалежнасці ад польскага Касцёла, павышэнне сацыяльнага статуса епіскапата, захаванне ўсходне-візантыйскай традыцыі. 3 пачатку існавання Уніяцкая Царква сустрэла моцнае супраціўленне з боку духавенства і свецкіх людзей, пераважна мяшчан (у канцы XVI — пач. XVII ст. іх узначальваў князь Канстанцін Астрожскі), чыя апазіцыйнасць праяўлялася ў розных формах — ад пратэстаў, соймавых дэбатаў, антыўніяцкай палемікі, дзейнасці праваслаўных брацтваў да рознага роду выступленняў аж да паўстанняў: Магілёўскае паўстанне (1618), Віцебскае паўстанне (1623).

Пашырэнне ўплыву[правіць | правіць зыходнік]

Уніяцкая Царква пашырала свой уплыў шляхам стварэння ўласнай сістэмы асветы, праз палемічную літаратуру, кнігавыдавецкую дзейнасць, прапаведніцкае майстэрства, уніяцкія брацтвы, сродкамі мастацтва, заснаваннем сеткі храмаў і манастыроў, але не пазбегла прымусу. Уніяты карысталіся ў літургіі царкоўнаславянскай мовай, якая ў XVII ст. падверглася моцнай беларусізацыі, і беларускай («рускай»), замацаванай у 1636 г. як мова казанняў. Палітыка правячых колаў Рэчы Паспалітай адносна ўніятаў мела неадназначны, супярэчлівы характар і неаднаразова мянялася са зменамі грамадска-палітычных абставін. 3 аднаго боку, улады падтрымлівалі Уніяцкую Царкву, бо яна адпавядала іх палітыцы цэнтралізацыі дзяржавы; з другога — жадалі зліць уніятаў з рыма-католікамі. Недапушчэнне ўніяцкай іерархіі ў Сенат сведчыла пра прыніжаны статус уніятаў. Нягледзячы на дэкрэт Кангрэгацыі прапаганды веры ад 7.2.1624, зацверджаны Папам, шматлікія папскія булы і пратэсты грэка-каталіцкага духавенства, перавод уніятаў касцёлам у лацінскі абрад працягваўся.

Рэформы мітрапаліта І. Руцкага (1613-37) па ўмацаванні Царквы і ўзвышэнні яе культурнага ўзроўню (у т.л. стварэнне Ордэна базылянаў і арганізацыя базылянскіх школ), прыклад аўтарытэту М. Сматрыцкага, які прыняў унію, прывялі да росту паслядоўнікаў Уніяцкай Царквы. 3 1630-х г. на бок уніі сталі схіляцца сімпатыі беларускай шляхты, на той час акаталічанай у асноўнай масе. Аднак большасць уніяцкай паствы ўвесь час складала сялянства.

Асвячэнне іерусалімскім патрыярхам Феафанам у 1620 г. новай праваслаўнай іерархіі ў Рэчы Паспалітай (епіскапы не былі дапушчаны на кафедры каралём Жыгімонтам III), падзел у 1635 г. культавых устаноў граматай Уладзіслава IV паміж праваслаўнымі і ўніятамі зацвердзілі падзел усходняй Царквы на 2 легальныя кіеўскія мітраполіі — уніяцкую і праваслаўную і замацавалі канфесійны раскол беларуска-ўкраінскага грамадства. Спробы яго паяднання рабіліся на саборах 1629 г. у Кіеве і 1680 г. у Любліне, скліканых па ініцыятыве ўніяцкай іерархіі, але праігнараваных праваслаўнымі. У 1630-я г. мітрапаліт Руцкі выношваў праект стварэння на базе Кіеўскай мітраполіі патрыярхату, агульнага для Праваслаўнай і Уніяцкай цэркваў, чым зацікавіў праваслаўных апанентаў, у т.л. П. Магілу. Але гэта ідэя не сустрэла падтрымкі папства, урада Рэчы Паспалітай, не знайшла разумення праваслаўнага насельніцтва.

Уніяцкая царква пасля падзелаў Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай уніяты мелі тут 8 епархій з 9300 прыходамі, 10300 святарамі, 4,5 млн вернікаў і 172 манастыры з 1458 манахамі.[1] Пад канец XVIII ст. каля трох чвэрцяў насельніцтва Беларусі было ўніятамі.[2] У 1772—1795 тэрыторыі, дзе пражывалі ўніяты, апынуліся пад расійскай і аўстрыйскай уладай і невялікая колькасць — пад прускім панаваннем, але ў 1807 і яны перайшлі пад уладу Расійскай імперыі.

На тэрыторыі Расійскай імперыі Уніяцкая Царква спачатку захоўвала сваю маёмасць, правы і прывілеі, але пазбавілася дзяржаўнай падтрымкі. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) уніяты на далучаных да Расіі беларускіх землях заставаліся ў складзе Полацкай архіепархіі на чале з Я. Смагаржэўскім і былі падпарадкаваны Ліфляндскай, Эстляндскай і Фінляндсліай юстыц-калегіі. Адносіны ўніятаў, як і каталікоў, са свецкай уладай рэгуляваў дадзены каталіцкай абшчыне Пецярбурга «Рэгламент» ад 12.2.1769, які дапускаў сувязі з рымскім Папам толькі па пытаннях веры. У 1780—1783 адбыліся значныя пераходы з уніяцтва ў праваслаўе. Па звестках магілёўскага праваслаўнага епіскапа Г. Каніскага, па яго епархіі яны склалі 414573 чал. і 95 цэркваў.

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай указ ад 22.4.1794 «Аб устараненні ўсялякіх перашкод для павароту ўніятаў да праваслаўнай грэчаскай царквы» таксама садзейнічаў такім пераводам. У Літоўскай губерні да 1.1.1795 пераведзены з уніяцтва ў праваслаўе 124 царквы, 39 капліц, 15 святароў і 79953 чал. вернікаў, на тэрыторыі Магілёўскай праваслаўнай епархіі — 105 цэркваў, 35 святароў і каля 120 тыс. чал. Усяго, паводле звестак гісторыка Г. Кіпрыяновіча, са жніўня 1794 да сакавіка 1795 да праваслаўя было далучана 1483111 украінцаў і беларусаў.[1] 19.10.1795 указам Кацярыны II былі скасаваны ўсе ўніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Папа Пій VI даручыў рымска-каталіцкаму мітрапаліту С. Богушу-Сестранцэвічу ажыццяўляць кіраўніцтва і над уніятамі. 3 26.1.1798 уніяты былі падпарадкаваны дэпартаменту рымска-каталіцкіх спраў, які выдзеліўся ў асобны орган з юстыц-калегіі, а з 1801 — створанай замест яго рымска-каталіцкай духоўнай калегіі, у склад якой прадстаўнікі ад уніяцкага духавенства нават не ўваходзілі. Указам ад 28.4.1798 былі створаны 2 новыя епархіі: Брэсцкая ўніяцкая епархія і Луцкая. У 1804 полацкі архіепіскап І. Лісоўскі дамогся, каб у склад рымска-каталіцкай духоўнай калегіі былі ўведзены 1 епіскап і па 1 засядацелю ад кожнай з 3 епархій. 16.7.1805 у калегіі былі створаны 2 дэпартаменты: адзін па справах каталіцкай, другі па справах уніяцкай царквы. 3 канца XVIII ст. адбываліся пераходы з уніяцтва і ў лацінскі абрад. Так, у 1803 у Полацкай архіепархіі ў лацінскі абрад перайшло 100 тыс. чал. (па іншых дадзеных — каля 200 тыс. чал.), у Дзісенскім і Віленскім паветах — 20 тыс. чал. Гэтаму спрыялі мясцовыя памешчыкі-католікі. У ліпені 1806 былі зацверджаны сумесныя прапановы Богуша-Сестранцэвіча і Лісоўскага аб рашэнні вярнуць уніятаў, якія перайшлі ў каталіцтва, да уніі і не прымаць іх «у рымскі абрад ні пад якім выглядам». 25.10.1807 былі пацверджаны ўсе ўказы, якія зберагалі цэласнасць Уніяцкай Царквы. Але і Уніяцкая Царква імкнулася вяртаць сваю былую паству. Указ ад 28.8.1797 забараняў уніяцкім святарам праводзіць агітацыю сярод праваслаўнага насельніцтва, але ўсё ж меў месца значны адток з праваслаўя ва ўніяцтва. У 1809 была створана новая Віленская епархія (гл. Літоўская ўніяцкая епархія). Базыльянскія кляштары былі падпарадкаваны епархіяльным архірэям.

У 1833 у Гродзенскай губерні было 472 тыс. уніятаў, у Мінскай — 376 тыс., Віцебскай — 273 тыс., Магілёўскай — 228 тыс.[1]

Скасаванне ўніяцтва ў Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Праваслаўны Жыровіцкі манастыр, былы ўніяцкі.

Пры імператару Мікалаю I у заходніх губернях стала праводзіцца палітыка «ўмацавання рускай народнасці і праваслаўнай веры», што падразумявала і рэлігійную ўніфікацыю. У канцы 1827 быў складзены і падпісаны міністрам народнай асветы і галоўным кіраўніком Дэпартамента замежных веравызнанняў А. Шышковым праект па скасаванні ўніяцтва для гэтага трэба было спачатку адарваць уніяцкую царкву ад рымска-каталіцкай. Указам ад 22 красавіка 1828 г. была заснавана незалежная ад рымска-каталіцкай царквы грэка-ўніяцкая калегія і замест 4 створаны 2 епархіі: Літоўская і Беларуская з кансісторыямі адпаведна ў Жыровічах і Полацку. Абвастрыўся канфлікт паміж ордэнам базыльян і белым духавенствам, што аслабляла царкву. Удзел базыльян у паўстанні 1830—31 прывёў да скасавання ў Расійскай імперыі іх манастыроў, пры гэтым каля 200 манахаў пакінулі ордэн і перайшлі ў каталіцкія кляштары. У 1835 быў створаны Сакрэтны камітэт па ўніяцкіх справах. 1 студзеня 1837 г. грэка-ўніяцкая калегія была выведзена з-пад улады міністра ўнутраных спраў і падпарадкавана обер-пракурору св. Сінода. Смерць у 1831—1838 гг. пяці епіскапаў (А. Галаўня, К. Серацінскі, Л. Явароўскі, І. Матусевіч, І. Жарскі) і мітрапаліта І. І. Булгака — праціўнікаў зліцця ўніяцтва з праваслаўем — аблегчыла рэалізацыю планаў скасавання уніі. У выніку рэалізацыі плану па ліквідацыі уніі ў Расійскай імперыі, які прапанаваў ураду Іосіф Сямашка, Уніяцкая Царква была была афіцыйна скасавана, духавенства і вернікі далучаны да Рускай Праваслаўнай Царквы (Гл. таксама Полацкі царкоўны сабор).

Пад канец XVIII ст. 70 % насельніцтва належала да ўніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы, 15 % былі каталікамі, 7 % — іудэямі і толькі 6 % — праваслаўнымі. Аднак у 1839 годзе ўніяцкія архіерэі прынялі рашэнне аб далучэнні да Грэка-Расійскай праваслаўнай царквы і накіравалі прашэнне аб гэтым расійскаму імператару з прылажэннем 1305 подпісаў духоўных асоб. У выніку ў праваслаўе перайшло больш за 1600 прыходаў з каля 1600 тыс. чалавек.

Ліквідацыя уніі выклікала пратэсты ў шэрагу мясцовасцей Беларусі, аб чым сведчаць судовыя справы аб ухіленні былых уніятаў ад праваслаўя; частка з іх здолела перайсці ў рыма-католікі. У 1840—1850-я гг. былі праведзены карныя аперацыі супраць жыхароў вёсак Дудаковічы Магілёўскай губ., Дзярновічы Віцебскай губ., Поразава Гродзенскай губ., якія не згаджаліся прымаць праваслаўе. Гэтыя справы атрымалі міжнародны рэзананс.[3] Захаванне схільнасці да ўніяцтва аж да 1860-х гг. на Беларусі выкарыстоўваў у рэвалюцыйнай агітацыі Кастусь Каліноўскі, які заклікаў да адраджэння ўніяцкай царквы, якую лічыў нацыянальнай царквой беларускага народа.

Уніяцтва ў Заходняй Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

3 1917 Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў сваёй праграме і ідэолаг партыі Фабіян Абрантовіч ставілі задачу аднаўлення уніяцтва як альтэрнатывы польскаму і расійскаму рэлігійна-нацыянальным уплывам. Адраджэннем уніяцтва ў Заходняй Беларусі займаліся місіянерскія цэнтры ў Альбярціне (каля Слоніма), Вільні, Друі, Пінску. Першы уніяцкі прыход быў адкрыты ў 1924 у в. Гола Гродзенскага павета. У 1927 налічвалася 14 прыходаў, у 1932 — 36. У 1932 на Беларусі было 30 тыс. уніятаў (паводле даных А. Неманцэвіча), у 1936 — 20 тыс. (паводле даных Я. Мараша).[1] Актыўнымі дзеячамі на ніве адраджэння уніяцкай ідэі былі Вацлаў Аношка, Леў Гарошка, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Баляслаў Пачопка, Адам Станкевіч, Уладзіслаў Талочка і інш. Але ўніяцкі рух у Заходняй Беларусі ў 1920—30-я г. сутыкнуўся з моцным супраціўленнем розных грамадска-палітычных сіл, найперш з боку праваслаўнай Царквы, якая за пасляўніяцкі перыяд умацавала свае пазіцыі. Неадназначна, а часам выразна варожа, ставіліся да ўніяцтва польскія ўлады і нават асобныя біскупы і святары рымска-каталіцкай Царквы. Калі частка яе духавенства падтрымлівала уніяцтва, бо бачыла ў ім сродак пашырэння каталіцтва, то іншыя лічылі ўніяцкую справу антыпольскай па сваім характары, якая перашкаджае паланізацыі. У 1937—38 гг. колькасць вернікаў візантыйскага абраду сладала па розных падліках да 10—17 тыс. чал. У верасні 1939 г. украінскі грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў пад сваёй юрысдыкцыяй Беларускі грэка-каталіцкі экзархат, кіраваць якім часова прызначыў спачатку ўкраінскага грэка-каталіцкага біскупа-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага, а восенню 1940 г. экзархам ГКЦ у Беларусі і краінах Балтыі ён прызначыў святара-іезуіта Антона Неманцэвіча. У лістападзе 1941 Папа Пій XII зацвердзіў апошняга Апостальскім адміністратарам для католікаў усходняга абраду ў Беларусі. Сядзіба беларускага экзарха ГКЦ знаходзілася ў былым іезуіцкім кляштары ў Альбярціне пад Слонімам. Але пасля арышту ў жніўні 1942 г. а. Антона Неманцэвіча акупацыйнымі ўладамі дзейнасць экзархата фактычна спынілася. Рада экзархата і намеснікі экзарха ГКЦ у Беларусі а. Вячаслаў Аношка і а. Леў Гарошка не змаглі працягваць сваю дзейнасць, бо нямецкая акупацыйная ўлада забараніла ім гэта пад пагрозай рэпрэсій.

Грэка-Каталіцкая Царква ў БССР[правіць | правіць зыходнік]

Адраджэнне грэка-каталіцтва ў Рэспубліцы Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

3 канца 1980-х г. у Беларусі з моладзі і інтэлігенцыі, што былі зацікаўленыя гісторыка-культурнай спадчынай Уніяцкай Царквы, пачалі стварацца суполкі вернікаў-уніятаў. Тады ж беларуская моладзь пачала ездзіць у былы базыльянскі манастыр-санктуарыум у в. Баруны, дзе ў мясцовым касцёле служыў па-беларуску каталіцкі святар а. Ян Матусевіч. Гэтая моладзь прасіла там яго аб удзяленні хросту паводле візантыйскага абраду.

11 сакавіка 1989 ў Кальварыйскім касцёле а. Аляксандр Надсан адслужыў першую за 150 гадоў пасля сакавання Уніі ў 1839 г. публічную каталіцкую службу ў візантыйскім абрадзе (па-беларуску) у Мінску. Гэты дзень лічыцца пачаткам адраджэння легальнага рэлігійнага і малітоўнага жыцця грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Першая пасля вайны грэка-каталіцкая парафія на тэрыторыі Беларусі ўтварылася ў Мінску ў верасні 1990 г. Душпастырам вернікаў, якія ўтварылі гэтую парафію, займаўся а. Ян Матусевіч, які ў 1990 г. быў прызначаны першым парахам грэка-каталіцкай парафіі ў Мінску, а ў 1993 г. ён стаў дэканам БГКЦ.

У 1990—95 грэка-католікамі выдаваўся часопіс «Унія», пачалі выдавацца газеты «Царква»1995), «Наша вера»2000).

У 1994 г. Ватыкан афіцыйна зацвердзіў для грэка-католікаў беларускамоўную версію літургічных тэкстаў, пераклад якіх зрабіў а. Аляксандр Надсан у Лондане.

На 1 студзеня 2001 г. у Беларусі было зарэгістравана 13 аўтаномных уніяцкіх суполак у Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Івацэвічах, Лідзе, Магілёве, Маладзечне, Мінску, Полацку. На пачатак 2003 г. у Беларусі дзейнічала 13 зарэгістраваных грэка-каталіцкіх парафій: па 2 у Мінску і Віцебску, па адной у Брэсце, Баранавічах, Гомелі, Гродна, Магілёве, Маладзечна, Лідзе, Івацэвічах, Полацку. На 2003 г. у БГКЦ было 7 святароў, 1 дыякан, 3 манахі, 1 манахіня.

На чэрвень 2009 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мела 20 парафій (зарэгістраваных з іх — 15)[4] (у тым ліку 4 — у Мінску, 2 — у Віцебску), яшчэ шэраг чакалі рэгістрацыі. БГКЦ мела 18 святароў (у тым ліку 2 дыяканы) і была прадстаўленая ў многіх гарадах: Мінск, Маладзечна, Мар’іна Горка, Жодзіна, Брэст, Баранавічы, Пінск, Івацэвічы, Віцебск, Орша, Полацк, Гродна, Ліда, Слонім, Гомель, Магілёў. Дадзеныя па колькасці вернікаў недакладныя, ацэнкі вагаюцца ад 3 тыс.[5] да 10 тыс. чалавек[4].

Паводле сваёй унутранай структуры грэка-каталіцкія парафіі Беларусі аб’яднаны ў тры дэканаты. Апеку над грэка-католікамі Беларусі ажыццяўляе Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек з Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў (Рым), які стала пражывае ў Беларусі і як кіраўнік рэлігійнай арганізацыі з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Гістарыяграфія, ацэнкі дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай гістарычнай навуцы існуюць розныя пункты гледжання на гісторыю і ролю ўніяцкай Царквы.

3 пачатку ХХ ст. многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху, у т.л. А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, В. Ластоўскі, В. Іваноўскі, звярталіся да ідэі адраджэння уніі з мэтай пераадолення канфесійнага падзелу народа і яго духоўнага аб’яднання вакол гэтай царквы. Многія прадстаўнікі нацыянальна-адраджэнскага кірунку таксама лічылі з’яўленне ўніяцтва заканамерным і станоўчым працэсам развіцця ідэі аб’яднання праваслаўя і каталіцызму, бачылі ва ўніяцтве спробу Беларусі самаакрэсліцца ў хрысціянскім свеце і г.д.

Каля вытокаў процілеглай гістарыяграфічнай канцэпцыі знаходзяцца працы М. Каяловіча, Ю. Крачкоўскага і інш., якія безумоўна крытыкавалі ўніяцкую Царкву, падавалі яе паслухмянай зброяй у руках польска-езуіцкіх колаў для акаталічвання і паланізацыі беларускага народа.

У кожным выпадку, шукаючы ацэнкі царкоўнай уніі, трэба памятаць, што яна, як піша Г. Сагановіч, стала тым штуршком, які прымушаў сучаснікаў самавызначацца, паглыбляў ролю рэлігійнага, а з ім і нацыянальна-гістарычнага кампанента ў свядомасці насельніцтва.[6]

За апошнія дзесяцігоддзі гісторыю ўніяцкай Царквы асвятлялі беларускія гісторыкі, філосафы, філолагі. Сярод іх: С. Абламейка, М. Гайдук, У. Конан, А. Крот, Дз. Лісейчыкаў, Л. Лыч, Я. Мараш, С. В. Марозава, А. Мірановіч, А. Надсан, І. Саверчанка, А. Свірыд, У. Сосна, А. Суша, Ю. Туронак, Я. Усошын, А. Філатава, Г. Флікап і інш.

Зноскі

  1. а б в г Марозава, Філатава…
  2. Кізіма С.
  3. У прыватнасці, аб гэтым пісаў А. Герцэн у артыкуле «Праваслаўе, якое сячэ» ў сваім часопісе «Колокол».
  4. а б Наша Ніва: «У Мінску адкрыўся Грэка-каталіцкі цэнтр» Архівавана 30 чэрвеня 2008.
  5. Беларуская грэка-каталіцкая царква: cучасны стан, пэрспэктывы разьвіцьця Архівавана 11 верасня 2014.
  6. Сагановіч…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Мітрапаліты Кіеўскія 1596—1839[правіць | правіць зыходнік]

У 15961839 Уніяцкую Царкву ўзначальвалі Мітрапаліты Кіеўскія:

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]