Навуковая літаратура
Навуко́вая літарату́ра — сукупнасць пісьмовых прац, створаных у выніку даследаванняў, тэарэтычных абагульненняў, зробленых у межах навуковага метаду. Навуковая літаратура прызначана для інфармавання навукоўцаў і спецыялістаў пра апошнія дасягненні навукі, а таксама для замацавання прыярытэту на навуковыя адкрыцці. Як правіла, навуковая праца не лічыцца завершанай, калі яна не была апублікавана[1].
Першыя навуковыя працы ствараліся ў розных жанрах: у выглядзе трактатаў, разваг, павучанняў, дыялогаў, падарожжаў, жыццяпісаў і нават у вершаваных формах. У цяперашні час формы навуковай літаратуры стандартызаваны і ўключаюць манаграфіі, агляды, артыкулы, даклады, рэцэнзіі, біяграфічныя, геаграфічныя і інш. апісанні (нарысы), кароткія паведамленні, аўтарэфераты, рэфераты, тэзісы дакладаў і паведамленняў, якія распаўсюджваюцца ў выглядзе публікацый, а таксама і непублікуемыя — справаздачы пра навукова-даследчыя працы, дысертацыі[1].
У цяперашні час у многіх краінах дзейнічае механізм атэстацыі навуковай літаратуры, які падтрымліваецца ўрадам або грамадскімі навуковымі арганізацыямі. У Беларусі, напрыклад, такую атэстацыю праводзіць ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія). У ліку асноўных патрабаванняў да выдання навуковай літаратуры — абавязковае яе рэцэнзаванне. У межах гэтага працэсу выдавецтва або рэдакцыя навуковага часопіса перад публікацыяй новай навуковай працы накіроўвае яе некалькім (звычайна двум) рэцэнзентам, якія лічацца спецыялістамі ў гэтай галіне. Працэс рэцэнзавання пакліканы выключыць публікацыі тых матэрыялаў, якія ўтрымліваюць грубыя метадалагічныя памылкі або прамыя фальсіфікацыі.
З пачатку XX стагоддзя назіраецца рэгулярнае экспанентнае павелічэнне аб’ёму публікуемай навуковай літаратуры. У сувязі з гэтым, адным з самых галоўных носьбітаў навуковай літаратуры ў цяперашні час з’яўляюцца перыядычныя выданні, галоўным чынам, рэцэнзуемыя навуковыя часопісы. З канца XX стагоддзя назіраецца тэндэнцыя па пераходзе гэтых часопісаў з папяровых носьбітаў на электронныя, у прыватнасці ў Інтэрнэт[2].
Згодна з даследаваннем 2015 года ў «PLoS One» у цяперашні час пяць найбуйнейшых выдавецкіх дамоў кантралююць больш за палову навуковых выданняў у свеце. Гэтымі выдавецкімі дамамі з’яўляюцца: Elsevier, Wiley, Taylor & Francis, Sage, Springer[3].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б «Научная литература» — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі.
- ↑ «Навуковыя электронныя бібліятэкі: актуальныя задачы і сучасныя шляхі іх вырашэння» — «Навуковая перыёдыка: праблемы і рашэнні», № 2, 2013 г., сс. 20-29
- ↑ https://ria.ru/science/20150611/1069472057.html