Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). Самкі большыя за самцоў. У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушха тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі.
Яйцы круглыя, светла-жоўтага колеру. У час распускання пупышак з яец пачынаюць вылуплівацца вусені, якія жывяцца лісцем, бутонамі і кветкамі. Вусені даўжынёй 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырвонымі валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі.
Генерацыя аднагадовая. Маладыя лічынкі могуць пераносіцца ветрам на даволі вялікія адлегласці. У канцы свайго развіцця лічынка акукліваецца ў кокане паміж лісцем ці ў трэшчынах кары. У ліпені—жніўні пачынаецца вылет матылькоў. Зімуюць вусені ў абалонках яец.