Памылка ацалелага
Артыкул вымагае вікіфікацыі. |
Памылка ацалелага (англ.: survivorship bias) — разнавіднасць сістэматычнай памылкі адбору, калі для адной групы («ацалелых») ёсць шмат даных, а для іншай («памерлых») — амаль няма. Таму даследчыкі спрабуюць шукаць агульныя рысы сярод «ацалелых», забываючы аб тым, што не менш важная інфармацыя хаваецца сярод «памерлых».
Прыклады
[правіць | правіць зыходнік]У Другую сусветную вайну венгерскаму матэматыку Абрахаму Вальду, які працаваў у нью-ёркскай лабараторыі SRG, даручылі развязаць важную задачу. Не ўсе амерыканскія бамбардзіроўшчыкі вярталіся на базу. А на тых, што вярталіся, заставалася мноства прабоін ад зенітных гармат і знішчальнікаў, але размеркаваны яны былі нераўнамерна: больш за ўсе на фюзеляжы і іншых частках, менш у паліўнай сістэме і нашмат менш — у рухавіку. Ці значыла гэта, што трэба лепей умацоўваць найбольш пашкоджаныя аддзелы самалётаў? Вальд адказаў: не, акурат гэтыя месцы дастаткова абаронены. Самалёт, якому трапілі ў рухавік або бензабак, выходзіць з ладу і не вяртаецца. Паколькі пападанні варожага агню на самай справе (у першым набліжэнні) размеркаваны раўнамерна, умацоўваць трэба тыя месцы, якія вярнуліся найбольш «чыстымі».[1].
Вядомы іншы прыклад памылкі ацалелага: чуткі аб розуме і дабрыні дэльфінаў заснаваныя на апавяданнях стомленых плыўцоў, якіх яны штурхалі да берага, але мы пазбаўленыя магчымасці пачуць тых, каго яны штурхалі ў іншы бок[2].
Кнігі накшталт «Сакрэты поспеху ад Джона Сміта» таксама маюць памылку ацалелага: прыклад аднаго чалавека азначае толькі тое, што справа Джона Сміта была паспяховай. Куды карысней было б даведацца: а якія памылкі дапусцілі збяднелыя канкурэнты Сміта? Стывен Левіт у сваім блогу «Фрыканоміка» прааналізаваў дзве такіх кнігі і высветліў: на момант напісання артыкула большасць кампаній, якія хвалілі кнігі, адчувалі сябе не вельмі добра, а некаторыя наогул спынілі сваё існаванне. Такім чынам, «культура дысцыпліны» — або штосьці яшчэ, што нібыта дапамагло ім утрымацца — у далейшым іх падвяло.[3][4]
Даследаванні па ахове працы ўскладняюцца тым, што непрыстасаваныя да шкодных умоў рабочыя хутка звальняюцца (так званы эфект здаровага рабочага).
Ветэрынарам вядомы парадокс: катоў, якія зваліліся з шасці і больш паверхаў, прыносяць да ветэрынараў у нашмат лепшым стане, чым тых, што зваліліся з меншых вышынь.[5] Адно з тлумачэнняў гэтаму — кот некаторы час напружаны, але праз некалькі секунд расслабляецца, і гэта дапамагае яму выжыць. Другое — памылка ацалелага: чым вышэй падзенне, тым больш імавернасць, што пра ката скажуць: «Пасля такога не выжываюць» — і кінуць, а не панясуць у бальніцу.
У прамысловасці і будаўніцтве памылка таго, хто выжыў, таксама сустракаецца. Так, з старых будынкаў застаюцца толькі самыя прыгожыя і трывалыя — толькі таму, што астатнія падвяргаюцца зносу, і на іх месцы будуюць новыя. З тэхнікі старых пакаленняў застаюцца толькі тыя ўзоры, якія зроблены добра. Класічнае мастацтва — гэта тое, што праверана часам, а дрэннымі працамі таго часу большасць людзей не цікавіцца. Нягледзячы на існаванне такіх з’яў, як запланаванае старэнне, памылкай нярэдка карыстаюцца ў рэкламе («Яны не робяць машыны так, як раней», Гельмут Крон, «Фольксваген»).
Памылка ацалелага важная і ў выпрабаваннях лекаў. Калі выпрабаванне аказалася няўдалым, яго, хутчэй за ўсе, не апублікуюць, і лекі — як мінімум спачатку — будуць пераацэнены[6]. Адной з спробаў супрацьстаяць гэтаму стаў сайт AllTrials.net[7].
Зноскі
- ↑ Ellenberg, J. How Not to be Wrong: The Hidden Maths of Everyday Life. — Penguin Books Limited, 2014. — ISBN 9780718196059.
- ↑ Michaels, R. Transactions and Strategies: Economics for Management (with InfoApps). — Cengage Learning, 2010. — P. 21-23. — ISBN 9781111779856.
- ↑ Freakonomics " From Good to Great … to Below Average
- ↑ http://blog.asmartbear.com/business-advice-plagued-by-survivor-bias.html
- ↑ Highrise Syndrome in Cats Архівавана 21 лютага 2015.
- ↑ Гомеопатия, лечение по компакт дискам и популярный научный метод — Planetarium
- ↑ AllTrials