Volkswagen Group

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Volkswagen AG
Тып Акцыянернае таварыства, AG
Лістынг на біржы FWB: VOW3
Заснаванне 1937
Заснавальнікі Германская аўтамабільная асацыяцыя
Размяшчэнне Flag of Germany.svg Германія: Вольфсбург (Ніжняя Саксонія)
Ключавыя фігуры Марцін Вінтэркорн (старшыня кіравання)
Галіна Аўтамабілебудаванне
Прадукцыя Легкавыя і камерцыйныя аўтамабілі
Абарот €113,8 млрд (2008)
Аперацыйны прыбытак
Чысты прыбытак €4,69 млрд (2008 год)
Актывы
Капіталізацыя
Колькасць супрацоўнікаў
Даччыныя кампаніі Audi AG
Automobili Lamborghini S.p.A
Bentley Motors Ltd.
Bugatti Automobiles S.A.S.
MAN
Scania AB
SEAT S.A.
Skoda Auto a.s.
Volkswagen Marine
Сайт volkswagenag.com (ням.)  (англ.) 

Канцэрн Volkswagen альбо Volkswagen AG (VAG) (па-беларуску вымаўляецца Фальксва́ген, што азначае літаральна «народны аўтамабіль») — нямецкі аўтамабілебудаўнічы канцэрн, па выніках 9 месяцаў 2009 года самым буйным у свеце[2]. Кампанія займае 14 месца ў Fortune Global 500[3] (2009 год).

У красавіку 1961 г. звычайныя акцыі АТ «Фальксваген» размясцілі на Франкфурцкай біржы каштоўных папераў па цане 350 нямецкіх марак за акцыю. У верасні 1986 г. прывілеяваныя акцыі размясцілі шляхам рэкапіталізацыі 300 млн марак. Таксама акцыямі гандлявалі на Лонданскай фондавай біржы (Англія), Швейцарскай і Люксембургскай біржах[4]. У 2016 г. канцэрн стаў найбольшым аўтавытворцам у свеце паводле продажаў (11,9 % сусветных продажаў) і ўключаў 120 аўтазаводаў у 31 дзяржаве. Са жніўня 2012 года канцэрнам «Фальксваген» валодае аўтамабільны холдынг «Поршэ» (Штутгарт, зямля Бадэн-Вюртэмберг).

Галаўное прадпрыемства ў Вольфсбургу (2013 г.)

Заводы[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчэнне заводаў па краінах (2009 г.)

На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» (ням. Volkswagen Konzern) складаўся з 2 падраздзяленняў: фінансавых паслуг і аўтамабілебудаўнічага, якое ўключала галіны пасажырскіх і камерцыйных самаходаў, электраэнергетыку. Аўтамабілебудаўнічае падраздзяленне ажыццяўляла распрацоўку самаходаў і рухавікоў, выраб і продаж пасажырскіх аўтамабіляў, лёгкіх камерцыйных самаходаў, грузавікоў, аўтобусаў і матацыклаў, турбінаў і кампрэсараў, рэдуктараў і выпрабавальнага абсталявання. Падраздзяленне фінансавых паслуг пазычала прадаўцам і пакупнікам самаходаў, ажыццяўляла іх лізінг і страхаванне, кіраванне аўтапаркам і перавозкі. Канцэрн «Фальксваген» пастаўляў самаходы пад уласным таварным знакам і 10 таварнымі знакамі даччыных прадпрыемстваў:

Завод у Вольфсбургу (2008 г.)

У 2016 г. на заводы канцэрна «Фальксваген» прыпала 11,9 % сусветных продажаў самаходаў, якія ажыццяўляліся ў 153 краінах. На 2017 г. канцэрн «Фальксваген» меў 120 заводаў у 31 дзяржаве:

Завод у Гановеры (2008 г.)

Уласнікі[правіць | правіць зыходнік]

На 31 снежня 2016 г. АТ «Фальксваген» размясціла на біржы 295 089 818 звычайных акцый і 206 205 445 прывілеяваных. Уласнікамі падпіснога капіталу звычайных акцый былі: АТ «Аўтамабільны холдынг „Поршэ“» (Штутгарт; 30,8 %), ТАА «Інвестыцыйная ўправа Катару» (14,6 %), Урад зямлі Ніжняя Саксонія (11,8 %), іншыя замежныя ўстановы (22,8 %), фізічныя асобы (18 %) і ўстановы Германіі (2,3 %). Правы голасу паводле прывілеяваных акцый размяркоўваліся наступным чынам: АТ «Аўтамабільны холдынг „Поршэ“» (52,2 %), Урад зямлі Ніжняя Саксонія (Гановер; 20 %), Інвестыцыйная ўправа Катару (17 %) і іншыя (10,8 %)[7].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ваенны аўтамабіль (Музей у Аўстрыі, 2005 г.)

У маі 1937 года ў Берліне (Нямецкая дзяржава) «Нямецкі працоўны фронт» заснаваў ТАА «Таварыства падрыхтоўкі народнага аўтамабіля». У студзені 1938 г. пад Фалерслебенам (Паўднёвагановерска-Браўншвайская вобласць; цяпер Ніжняя Саксонія) пачалося будаўніцтва завода паводле ўзору аўтазавода «Форд» на рацэ Руж (штат Мічыган, ЗША). У Браўншвайгу сталі ўзводзіць вытворчасць аўтадэталяў. 16 верасня 1938 г. назву прадпрыемства змянілі на ТАА «Народны аўтамабільны завод», якое атрымала ўлік у гандлёвым рэгістры 18 кастрычніка. У снежні 1939 г. завод атрымаў ад Паветраных войскаў Германіі заказ на рамонт знішчальнікаў «Юнкерс-88» і пастаўку паліўных бакаў і крылаў да іх. З лета 1940 года ў вытворчасці сталі выкарыстоўваць пераважна прымусовую працу замежных нявольнікаў, сярод якіх пераважалі польскія жанчыны, ваеннапалонныя і вязні канцлагераў. У 1941 г. паставілі 2-ю зборачную лінію для вырабу бяздзверных і вадаплаўных паўнапрывадных самаходаў для войска. У 1943 г. вытворчасць пашырылі за кошт размяшчэння заказаў у захопленых землях Францыі. За 1940—1944 гады на заводзе вырабілі 66 285 ваенных самаходаў. У 1944 г. іншаземцы з захопленых нямецкім войскам краін Еўропы складалі 2/3 работнікаў аўтазавода (каля 20 000 чалавека). 11 красавіка 1945 г. амерыканскае войска заняло горада, дзе размяшчаўся завод. У выніку вытворчасць ваеннага абсталявання спынілася[8].

У чэрвені 1945 г. Брытанскі ваенны ўрад (Бад-Эйнгаўзен, цяпер зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія) узяў аўтазавод у давернае кіраванне. 27 снежня 1945 г. завод аднавіў вытворчасць седанаў «Фальксваген Жук» (ням. Käfer). У сакавіку 1946 г. вытворчасць дасягнула 1000 самаходаў за месяц. 25 кастрычніка 1946 г. з’явіліся 2 першыя гандлёвыя прадстаўнікі, якія сталі збываць аўтамабілі насельніцтву праз 10 распаўсюднікаў і 28 прадаўцоў. У студзені 1947 г. адчынілася першая рамонтная майстэрня. 1 кастрычніка 1948 г. «Фальксваген» падаў заяўку на ўлік свайго таварнага знака ў выглядзе лацінскіх «літар V і W у крузе», які яшчэ ў 1937 г. распрацаваў інжынер рухавікоў «Поршэ» Франц Раймспіс (1900—1979). У 1948 г. пачаўся экспарт у іншыя краіны Еўропы, дзе за год прадалі 4385 самаходаў: 1820 у Нідэрланды, 1380 у Швейцарыю, 1050 у Бельгію, 75 у Нарвегію, 55 у Швецыю і 5 у Данію. У 1949 г. экспарт вырас да 7127 аўтамабіляў (15 % вытворчасці). 30 чэрвеня 1949 г. заснавалі даччынае ТАА «Фінансаванне Фальксвагена», якое стала выдаваць 1-гадовыя пазыкі на набыццё аўтамабіляў. 8 кастрычніка 1949 г. Брытанскі ваенны ўрад перадаў ураду зямлі Ніжняя Саксонія кіраўніцтва прадпрыемствам, якое налічвала каля 10 000 супрацоўнікаў, вырабляла штомесяц 4000 самаходаў і назапасіла 30 млн нямецкіх марак. У 1948—1949 гадах «Фальксваген» вырабіў каля паловы ўсіх аўтамабіляў у Заходняй Германіі[8].

«Фальксваген Жук» (1951 г., Баварыя)

У 1950 г. экспарт падвоіўся да 1/3 аўтамабіляў і ажыццяўляўся ў 18 краін, у тым ліку ўпершыню ў Паўднёвую Амерыку — 1253 самаходы паставілі ў Бразілію. 8 сакавіка 1950 г. пачалі выраб фургонаў «Транспарцёр», якія занялі 1/3 нямецкага рынка ў сваёй нішы. У выніку ў 1950-я гады «Фальксваген» стаў найбольшым экспарцёрам Германіі, чый самаход «Жук» стаў найбольш прадаваным. Адначасна адчынілі зборачныя заводы ў Бразіліі, Паўднёвай Афрыцы (1956 г.) і Аўстраліі (1957 г., Мельбурн). 11 верасня 1952 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген Канады» (Таронта). 23 сакавіка 1953 г. адчынілі вытворчае ТАА «Фальксваген Бразіліі» (Сан-Паўлу), якое ў ліпені пачало зборку седанаў «Фальксваген Жук». Пасля гэтага можна казаць пра ўзнікненне канцэрна «Фальксваген». 21 лістапада 1953 г. таварны знак прадпрыемства атрымаў улік у Патэнтнай службе Германіі. 21 ліпеня 1955 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фальксваген ЗША» (Нью-Ёрк), якое прадало за 1956 г. 42 884 «Жукоў» і 6666 «Транспарцёраў». Збытавая сетка ў ЗША складалася з 15 распаўсюднікаў і 342 прадаўцоў. 5 жніўня 1955 г. «Фальксваген» выпусціў мільённы самаход. У 1957 г. дзякуючы новаму заводу ў Гановеры выраб «Транспарцёраў» вырас на траціну да 91 993, 2/3 з якіх экспартавалі. У верасні 1957 года ў Оснабруку (Ніжняя Саксонія) пусцілі вытворчасць кабрыялетаў «Карман-Гіа». 18 лістапада 1959 года ў Сан-Бернарду-ду-Сампу (штат Сан-Паўлу, Бразілія) адчынілі новы аўтазавод, дзякуючы якому ў 1960 г. продажы ў Бразіліі выраслі на 67 % да 47 320 самаходаў (41 % рынка). Лік супрацоўнікаў у Бразіліі перавысіў 8000 чалавек[8].

21 ліпеня 1960 г. Саюзны сход Заходняй Германіі зацвердзіў Закон «Аб перадачы правоў на паі ТАА „Народны аўтамабільны завод“ у прыватныя рукі», паводле якога 60 % паёў прадалі грамадзянам. Па 20 % паёў атрымалі Саюзны ўрад Германіі і Урад зямлі Ніжняя Саксонія. 22 жніўня 1960 г. «Фальксваген» атрымаў улік у гандлёвым рэестры ў якасці акцыянернага таварыства (АТ). Да 15 сакавіка 1961 г. 60 % паёў АТ прадалі за 360 млн нямецкіх марак, па 350 марак за пай. Выручаныя ад продажу паёў сродкі перавялі фонду «Фальксваген» (Гановер), які заснавалі для выдаткоўвання на распрацоўкі канцэрна. У 1961 г. завод у Вольфсбургу пачынае запрашаць на працу замежных работнікаў, лік якіх да канца 1962 г. дасягнуў 4494, з іх 3188 (71 %) з Італіі. 2 кастрычніка 1961 г. завод у Гановеры выпусціў мільённы «Фальксваген Транспарцёр». За 1961 г. канцэрн «Фальксваген» вырабіў звыш млн самаходаў (1 007 113). 15 студзеня 1963 г. канцэрн атрымаў марскі карабель «Ёган Шульт», які мог перавозіць 1750 самаходаў. У 1963 г. канцэрн «Фальксваген» стаў найбольшым у свеце экспарцёрам самаходаў, каля 60 % якіх прадалі за мяжу. На 31 снежня 1963 г. завод у Вольфсбургу наймаў 43 722 супрацоўнікі і мог за суткі выпусціць да 3300 легкавікоў. У 1964 г. экспарт у ЗША дасягнуў каля 330 000 аўтамабіляў, пасля 4-гадовага росту продажаў у сярэднім на 20 % штогод. У ЗША «Фальксваген Жук» атрымаў паноўнае становішча ў сваёй нішы. 15 студзеня 1964 года ў Мехіка заснавалі ААТ «Фальксваген Мексікі», якое ў лістападзе 1967 г. адчыніла новы завод у Пуэбле-дэ-Сарагоса. У выніку гадавыя продажы ў Мексіцы дасягнулі 22 220 аўтамабіляў (21,8 % рынка). 1 студзеня 1965 г. «Фальксваген» набыў у АТ «Даймлер-Бенц» яго даччынае ТАА «Аўта-Саюз» (Інгальштат, зямля Баварыя), якое мела збытавую сетку ў 1200 аўтакрамаў, 11 000 супрацоўнікаў і завод магутнасцю на 100 000 самаходаў за год. Набыты завод стаў вырабляць аўтамабілі «Аўдзі». 12 ліпеня 1965 г. стварылі ТАА «Вольфсбургскія перавозкі», якому перадалі 55 марскіх грузавых караблёў і 1700 супрацоўнікаў. Да канца года даччынае прадпрыемства перавезла звыш 168 000 аўтамабіляў. У 1968 г. вытворчасць у Аўстраліі давялося спыніць, бо ўрад запатрабаваў да 1969 г. вырабляць аўтамабілі на 95 % з мясцовых дэталяў. 26 жніўня 1969 г. даччынае ТАА «Аўта-Саюз» злучылася з АТ «Некарсульмскі маторны завод» (зямля Бадэн-Вюртэмберг) у АТ «Некарсульмскі Аўта-Саюз „Аўдзі“», дзе «Фальксваген» атрымаў 59,5 % паёў[8].

«Фальксваген Пасат» (Вена, 1973 г.)

У 1970 г. продажы канцэрна ў ЗША дасягнулі каля 570 000 аўтамабіляў. У сакавіку 1970 г. набылі найбольшае ў Германіі прадпрыемства аўтанайму «Самаходавы Саюз». 1 ліпеня 1970 г. адчынілі новы завод у Зальцгітэры (Ніжняя Саксонія), дзе 2000 з 5108 супрацоўнікаў выраблялі рухавікі, у тым ліку для «Аўдзі 100». 17 лютага 1972 г. вытворчасць «Жука» дасягнула 15 007 034 самаходаў, што зрабіла яго найбольш распаўсюджаным у свеце аўтамабілем. 14 чэрвеня 1973 г. заснавалі разам з югаслаўскім імпарцёрам «Уніс» сумеснае прадпрыемства «Аўтамабільны завод Сараева» (Вагошча; цяпер Боснія і Герцагавіна), на якім з 10 лістапада 1973 г. пачалі вырабляць аўтамабілі «Фальксваген». За 1973 г. у Зальцгітэры вырабілі звыш 400 000 аўтамабіляў, у тым ліку з мая пачалі вырабляць частку седанаў «Фальксваген Пасат». У выніку нафтавага крызісу 1973 года да 1975 г. продажы ўпалі на 40 % да 2,038 млн самаходаў. У ЗША да 1976 г. продажы скараціліся больш як удвая да 238 167 самаходаў. 21 чэрвеня 1976 года ў Зальцгітэры выпусцілі першыя 4-цыліндравыя дызельныя рухавікі абсягам у 1,5 літра. 31 ліпеня 1978 г. пусцілі завод у акрузе Уэстэрморланд (штат Пенсільванія), дзе сталі вырабляць самаходы «Фальксваген Гольф» для Паўночнай Амерыкі. 20 снежня 1978 года ў Мюнхене (Баварыя) заснавалі ТАА «МАН-Фальксваген» для вытворчасці лёгкіх грузавікоў з АТ «Машынабудаўнічы завод Аўгсбурга і Нюрнберга» (Обергаўзен). У лістападзе 1978 г. «Фальксваген» падпісаў кантракт на пастаўку 10 000 самаходаў «Гольф» у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Пры канцы 1978 г. збытавая сетка налічвала 10 600 прадпрыемстваў з больш як 211 000 супрацоўнікаў[8].

З 1980-х гадоў[правіць | правіць зыходнік]

«Фальксваген Гольф» 1-га пакалення (2008 г.)

У красавіку 1980 г. «Фальксваген» набыў у амерыканскага аўтавытворцы «Крайслер» (Пантыяк, штат Мічыган) даччынае прадпрыемстве ў Аргенціне. 16 лютага 1985 г. заснавалі зборачнае ТАА «Шанхайская аўтамабільная кампанія „Фальксваген“» (Кітай) сумесна з «Шанхайскай трактарна-аўтамабільнай карпарацыяй», што дазволіла «Фальксвагену» стаць найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. За 1985 г. еўрапейскія продажы канцэрна выраслі амаль на 24 % да каля 760 000 аўтамабіляў, што зрабіла «Фальксваген» найбольшым аўтавытворцам у Еўропе. 18 чэрвеня 1986 г. набылі 51 % паёў іспанскага аўтавытворцы «Сеат» (Мартарэль, Каталонія)[9]. 4 ліпеня 1986 г. агульны сход пайнікаў змяніў назву АТ на «Народны аўтамабіль» («Фальксваген»). 1 ліпеня 1987 года ў Бразіліі стварылі сумеснае ТАА «Аўталаціна» з амерыканскім «Фордам», якое праіснавала да 1995 года[8].

6 лютага 1991 года ў Чанчуні стварылі з кітайскім «Першым аўтазаводам» ТАА «ПАЗ-Фальксваген», якое ў снежні 1994 г. адчыніла новы завод магутнасцю на 150 000 седанаў «Фальскваген Джэта». 16 красавіка 1991 г. «Фальксваген» набыў 30 % чэхаславацкага аўтамабільнага АТ «Шкода» (Млада Болеслаў; цяпер Чэхія), кантрольны пакет акцый якога атрымаў 19 снежня 1994 года[9]. 17 лістапад 1995 г. АТ «Фальксваген Аргенціны» адчыніў новы завод у Пачэка магутнасцю на 150 000 самаходаў, дзе сталі вырабляць мадэлі «Гольф» і «Пола». У 1997 г. «Фальксваген Бразіліі» вырабіў 609 000 аўтамабіляў і наймаў звыш 31 000 супрацоўнікаў. 15 жніўня 1998 г. набылі ТАА «Саксонскія аўтамабілі», якому належалі 3 заводы ў Айзенаху (зямля Цюрынгія), Мозэлі (частка Цвікаў) і Кемніцы, што з 1990 г. былі сумеснымі прадпрыемствамі. Цягам 1998 г. «Фальксваген» набыў адразу 3-х замежных аўтавытворцаў Еўропы: «Бэнтлі» (Кру, Англія), «Ламбаргіні» (Сант-Агата-Балёньезэ, Італія) і «Бугаці» (Мольсайм, Францыя). 25 жніўня 1999 года ў Палькавіцэ (Ніжнесілезскае ваяводства) адчынілі завод ТАА «Матор Польшчы» магутнасцю на 540 000 рухавікоў за год[8].

У 2000 г. канцэрн «Фальксваген» упершыню вырабіў і прадаў звыш 5 млн аўтамабіляў. За 2003 г. у Кітаі прадалі 698 000 аўтамабіляў «Фальксваген», вырабленых у Шанхаі і Чанчуні, што зрабіла канцэрн найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. 22 кастрычніка 2007 г. АТ «Поршэ» (Штутгарт, зямля Бадэн-Вюртэмберг) набыла 18,5 % прывілеяваных паёў АТ «Фальксваген», пасля чаго 28 сакавіка 2007 г. давяло сваю долю да 31 %. У 2007 г. продажы ў Кітаі выраслі на 28 % да звыш 900 000 самаходаў, што зрабіла Кітай найбольшым рынкам для канцэрна «Фальксваген». 28 лістапада 2007 года ў Калузе (Расія) ТАА «Фальксваген Рус» адчыніла 48-ы завод канцэрна, які стаў 33-й вытворчасцю самаходаў канцэрна і меў магутнасць у 150 000 аўтамабіляў за год. У 2009 г. ТАА «Фальксваген Індыі» адчыніў у Пуне (штат Махараштра) завод коштам 580 млн еўра і магутнасцю 110 000 самаходаў за год[8].

У снежні 2009 г. АТ «Фальксваген» набыло 49,9 % паёў АТ «Поршэ». 1 жніўня 2012 г. АТ «Фальксваген» выкупіў рэшту паёў АТ «Поршэ». Адначасна аўтамабільны холдынг «Поршэ», які ў чэрвені 2007 г. утварыла сям'я Поршэ, атрымліваў 50,7 % прывілеяваных паёў АТ «Фальксваген» з правам голаса. 14 лютага 2014 года «Фальксваген» пачаў прадаваць у Германіі свой першы электрамабіль «е-Гольф» па цане ад €34 900 ($47 800). Магутнасць літ-іоннага акумулятара складала 26,5 кілават-гадзіна, што дазваляла праехаць да 134 км на адным зарадзе. Да канца года ў Заходняй Еўропе прадалі 3328 такіх электрамабіляў. У 2017 годзе яго цана ўпала да $29 000[10], а магутнасць акумулятара вырасла да 35,8 кілават-гадзіна (144 км язды).

18 верасня 2015 года Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (ААНА ЗША) выкрыла, што звыш 428 000 аўтамабіляў «Фальксваген», якія прадалі ў краіне за апошнія 6 гадоў, выкідвалі ў паветра 40-кратна больш шкодных рэчываў за дапушчальны ўзровень. Махлярства з выпрабаваннем на шкодныя выкіды ажыццявілі пры дапамозе апраграмавання, што заніжала паказчыкі да прымальнага ўзроўню. Выкрытая праграма стаяла на 11 млн аўтамабіляў у свеце з 2-літровым дызельным рухавіком EA189, якія былі на мадэлях «Фальксваген Гольф», «Джэта», «Жук» і «Пасат», «Аўдзі А3» і «Шкода Актавія». У выніку за тыдзень АТ «Фальксваген» вылучыла $7,3 млрд на спагнанні і страціла на біржы 26 % рыначнай вартасці — 25 млрд еўра (падзенне да ўзроўню 2012 года)[11]. У Еўропе знаходзілася 8 млн дызельных аўтамабіляў (73 % ад 11 млн), у якіх перавышаў узровень выкідаў аксіду азоту і вуглякіслага газу і якія адпаведна падлягалі рамонту[12]. 28 чэрвеня 2016 года на «Фальксваген» у ЗША наклалі спагнанне ў памеры $15 млрд, з якіх $10 млрд прызначаліся на рамонт і выкуп ва ўласнікаў больш як 428 000 дызельных аўтамабіляў. Астатнія $5 млрд выплочваліся ААНА ЗША на даследаванне шкоднага ўздзеяння дызельных рухавікоў EA189[13].

За 2016 г. продажы канцэрна «Фальксваген» павялічыліся да 10 391 113 аўтамабіляў (11,9 % сусветнага рынку), з якіх на акцыянернае таварыства «Фальксваген» прыпала 25,3 % (2 632 144). Аднак доля канцэрна на сусветным аўтарынку скарацілася да 11,9 %. Пагатоў вытворчасць канцэрна «Фальксваген» вырасла да 10 405 092 самаходаў, з якіх АТ «Фальксваген» вырабіў 11,9 % (1 241 217). На 31 снежня 2016 г. найм канцэрнам «Фальксваген» вырас да 626 715 супрацоўнікаў, з якіх 18,2 % (113 928) наймала АТ «Фальксваген». Выручка канцэрна «Фальксваген» вырасла на 1,9 % да 217,267 млрд еўра, з іх на АТ «Фальксваген» прыпадала 34,7 % (75,310 млрд еўра). Чысты прыбытак канцэрна, які адносіўся да пайнікаў АТ «Фальксваген», павялічыўся да 5,144 млрд еўра, з якіх уласна АТ «Фальксваген» прынёс 54,4 % (€2,799 млрд). Пастаўкі самаходаў канцэрна «Фальксваген» ажыццяўляліся ў 153 краіны і паводле частак свету размеркаваліся наступным чынам:

  • Еўропа, Афрыка, Сярэдняя і Паўднёва-Заходняя Азія — выраслі на 2,5 % да 4,618 млн (44,4 % агульных продажаў) з агульнай вартасцю 138,1 млрд еўра (63,6 %);
  • Паўднёвая і Ціхаакіянскаяя Азія, Акіянія — выраслі на 9,7 % да 4,319 млн (41,6 %);
  • Паўночная Амерыка — выраслі на 0,8 % да 929 тыс. (8,9 %) з вартасцю €35,5 млрд (16,3 %);
  • Паўднёвая Амерыка — упалі на 24,5 % да 424 тыс. (4,1 %) з агульнай вартасцю €8 млрд (3,7 %)[5].

На 31 снежня 2016 г. сродкі канцэрна «Фальксваген» выраслі да 409,732 млрд еўра. З іх асноўныя сродкі — €254,01 млрд (62 % сродкаў): доўгатэрміновыя пазыкі — €68,402 млрд (26,9 % асноўных сродкаў), нематэрыяльныя сродкі (інтэлектуальная ўласнасць) — €62,599 млрд (24,6 %), нерухомасць (у тым ліку заводы і абсталяванне) — €54,033 млрд (21,3 %), арэндаваныя сродкі — €33,173 млрд (13,1 %), адтэрмінаваны падатак — €9,756 млрд (3,8 %). Памер абаротных сродкаў вырас да €155,722 млрд (38 % сродкаў): кароткатэрміновыя пазыкі — €49,673 млрд (31,9 % абаротных сродкаў), таварныя запасы — €38,978 млрд (25 %), наяўныя грошы і тэрміновыя ўклады — €19,265 млрд (12,4 %), рыначныя каштоўныя паперы — €17,52 млрд (11,3 %), гандлёвая дэбіторская запазычанасць — €12,187 млрд (7,8 %). Уласны капітал канцэрна «Фальксваген» вырас да €92,91 млрд (22,7 % сродкаў). Абавязкі канцэрна «Фальксваген» павялічыліся да €316,821 млрд (77,3 % сродкаў). З іх бягучыя абавязкі (да года) — €177,515 млрд (56 % абавязкаў, 43,3 % сродкаў): кароткатэрміновыя пазыковыя абавязкі — €88,461 млрд (49,8 % бягучых абавязкаў), назапашванні для пакрыцця абавязкаў — €35,711 млрд (20,1 %), гандлёвая крэдыторская запазычанасць — €22,794 млрд (12,8 %). Доўгатэрміновыя абавязкі скараціліся да €139,306 млрд (44 % абавязкаў): доўгатэрміновыя пазыковыя абавязкі — €66,358 млрд (47,6 % доўгатэрміновых абавязкаў), назапашванні для пенсій — €33,012 млрд (23,7 %), назапашванні для пакрыцця іншых доўгатэрміновых абавязкаў — €21,482 млрд (15,4 %)[5].

На канец 2016 г. лік прадпрыемстваў канцэрна «Фальксваген» павялічыўся да 1510. З іх 1068 (70,7 %) былі задзіночанымі (100%-мі) даччынымі прадпрыемствамі АТ «Фальксваген», у тым ліку 149 (9,9 % ад агульнага ліку, 14 % задзіночаных) у Германіі. Таксама налічвалася 325 (21,5 %) даччыных прадпрыемстваў, улічаных па цане набыцця кантрольнага пакету акцый, з якіх 74 (4,9 % ад агульнага ліку; 22,8 %) размяшчаліся ў Германіі. Яшчэ 117 (7,7 %) прадпрыемстваў былі сумеснымі пачынаннямі, з іх 47 (3,1 % ад агульнага ліку; 40 % сумесных) у Германіі. З €217,267 млрд выручкі канцэрна за 2016 г. на продажы пасажырскіх аўтамабіляў прыпадала 73,9 % (€160,461 млрд), фінансавыя паслугі — 12,8 % (€27,831 млрд), продажы камерцыйных самаходаў — 11,7 % (€25,385 млрд), электраэнергетыку — 1,6 % (€3,59 млрд)[5].

11 студзеня 2017 года федэральны суд ЗША задаволіў позву Міністэрства юстыцыі ЗША аб спагнанні з «Фальксвагена» яшчэ $4,3 млрд пасля прызнання ў парушэнні Закону «Аб чыстым паветры» 1963 года. З улікам ранейшых выплатаў за махлярства з выкідамі ад дызельных рухавікоў EA189 агульныя страты дасягнулі $19,2 млрд[14].

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Аўтамабілі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 https://www.volkswagenag.com/presence/investorrelation/publications/annual-reports/2017/volkswagen/en/Y_2016_e.pdf
  2. Volkswagen стаў сусветным лідарам па колькасці вырабленых аўтамабіляў
  3. Fortune Global 500
  4. Частыя пытанні ўкладнікаў (ням.) . АТ «Фальксваген» (14 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2017. Праверана 15 верасня 2017.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 Справаздача за 2016 год (ням.) . АТ «Фальксваген» (14 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2017. Праверана 14 верасня 2017.
  6. Абрыс і размяшчэнне вытворчасці (ням.) . АТ «Фальксваген» (14 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2017. Праверана 14 верасня 2017.
  7. Склад уласнікаў (ням.) . АТ «Фальксваген» (31 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 31 снежня 2016. Праверана 15 верасня 2017.
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 8,4 8,5 8,6 8,7 Маркус Лупа. Гістарычныя нататкі = ням.: Historische Notate / рэд. Манфрэд Грыгер. — Вольфсбург: Фальксваген, 2008. — Т. 7. Летапіс «Фальксвагена». — 260 с. — ISBN 978-3-935112-10-9.
  9. 9,0 9,1 9,2 Вера Жохавец. «Свет мяняецца, і мы павінныя быць падрыхтаванымі да гэтага» // Звязда : газета. — 3 мая 2012. — № 95 (27210). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  10. Беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за «Джылі», праедзе 100 км без падзарадкі. Радыё «Свабода» (20 лютага 2017). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  11. У ЗША вялікі скандал з «Фальксваген». Радыё «Свабода» (25 верасня 2015). Праверана 30 чэрвеня 2018.
  12. Яланта Смялоўская Падае курс акцый канцэрну «Фальксваген». Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё (4 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2015. Праверана 30 чэрвеня 2018.
  13. «Фальксваген» выплаціць 15 млрд долараў за ўрэгуляванне дызельнага скандалу. Еўрарадыё (28 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2016. Праверана 30 чэрвеня 2018.
  14. «Фальксваген» заплаціць ЗША $4,3 млрд з-за дызельнага скандалу. Газета «Звязда» (11 студзеня 2017). Праверана 30 чэрвеня 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Аўтамабілі Volkswagen для еўрапейскага рынку
Тып 1940er 1950er 1960er 1970er 1980er 1990er 2000er 2010er
5 6 7 8 9 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9 0 1 2 3
A-клас Lupo Fox up!
B-клас Polo I Polo II Polo III Polo IV Polo V
Derby I Derby II
C-клас Typ 1 „Brezelkäfer“ Typ 1 „Ovali“ Typ 1 „Rechteckkäfer“ 1200/1300/1500 „Käfer“ 1302 „Käfer“ 1303 „Käfer“ 1200 „Käfer“ New Beetle Beetle
C-клас Golf I Golf II Golf III Golf IV Golf V Golf VI Golf VII
Jetta I Jetta II Vento Bora Jetta V Jetta VI
D-клас 1500/1600 (Typ 3) Passat B1 Passat B2 Passat B3 Passat B4 Passat B5 Passat B6 Passat B7
411/412 (Typ 4) Santana
K 70 CC
F-клас Phaeton
Купэ / Кабрыялеты Karmann-Ghia Typ 14 Scirocco I Scirocco II Scirocco III
Karmann-Ghia Typ 34 VW Porsche (914/4) Corrado Eos
Капактвэны Golf Plus
Touran
Мінівэны / Мікрааўтобусы Sharan I Sharan II
Typ 2
(T1)
Transporter
(T2)
Transporter
(T3)
Caravelle/Multivan
(T4)
Caravelle/Multivan
(T5)
Фургоны Typ 147
„Fridolin“
Caddy I Caddy II Caddy III
Пазадарожнікі Typ 181
„Kurierwagen“
Typ 183
„Iltis“
Golf Country Tiguan
Touareg I Touareg II
Пікапы Taro Amarok