Перайсці да зместу

Сафія Гройсман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сафія Гройсман
Род дзейнасці парфумер
Дата нараджэння 8 сакавіка 1945(1945-03-08) (79 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы

Сафія Гройсман (нар. 8 сакавіка 1945, Любча, Навагрудскі раён) — амерыканская парфумерка.

Бацькі пазнаёміліся падчас Другой сусветнай вайны ў партызанскім атрадзе ў лясах Беларусі. У цяжкія пасляваенныя часы сям’я жыла бедна. Пражыўшы некаторы час у Любчы, сям’я Ходаш пераехала ў Навагрудак.

У 1960 годзе Сафія разам з сям’ёй эмігравала ў Польшчу. Там яна атрымала адукацыю і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Атрымаўшы адукацыю хіміка, Сафія марыла ўладкавацца на працу, каб забяспечыць сябе і бацькоў.

У 1965 годзе Сафія разам з роднымі эмігравала ў Амерыку, скарыстаўшыся запрашэннем ад яўрэйскай сям’і, адной з многіх, якіх бацька Сафіі Пётр Ходаш выратаваў з гета падчас вайны.

Працавала ў лабараторыі ў канцэрне IFF (International Flavors&Fragrances), які з’яўляўся адным з лідараў па вытворчасці парфумерных вырабаў і араматызатараў.

Сафія любіла ставіць эксперыменты. Гэтыя эксперыменты былі такія ўдалыя, што на яе звярнуў увагу вядомы парфумер Эрнст Шыфтан, пратэжэ тагачаснага кіраўніка кампаніі IFF, і для духоў Paris ад Yves Saint Laurent быў абраны водар, створаны Сафіяй. У той перыяд кампаніяй IFF кіравала парфумер Жазэфіна Катапана. Менавіта яна аказала вялікі ўплыў на Сафію і пераканала праз чатыры гады пасля працаўладкавання прайсці парфумерны тэст. Пратэкцыя Жазэфіны Катапана і працавітасць Сафіі дапамаглі ёй стаць адным з парфумераў IFF. У далейшым Сафія Гройсман прайшла шлях да пасады віцэ-прэзідэнта кампаніі IFF[1].

Была ўзнагароджана Cosmetics Executive Achieve Award — узнагародай за выдатныя поспехі ў парфумерыі. За сваю кар’еру Сафія атрымала пяць парфумерных аналагаў кінематаграфічнага «Оскара» — FiFi Awards. Газета The New York Times назвала яе «лепшым носам Амерыкі», вядомыя парфумеры свету захапляюцца яе талентам. У 1996 годзе Гройсман атрымала ўзнагароду ад Амерыканскага таварыства парфумераў — Living Legend Award («жывая легенда»). У 1994 і ў 1999 гадах яна таксама была ўдастоена ўзнагарод асацыяцыі жанчын-кіраўнікоў у сферы вытворчасці касметыкі за вялікі ўклад у парфумерную індустрыю.

Зноскі

  1. Гройсман Сафія на сайце Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага