Сацыяльная адаптацыя
Сацыяльная адаптацыя (лац.: adaptare — прыстасоўваць) — працэс прыстасавання чалавека (групы, суполкі) з сацыяльным асяроддзем.
Падчас сацыяльнай адаптацыі асобай паступова выпрацоўваюцца і актуалізуюцца такія якасці, што забяспечваюць выжыванне. Адначасова чалавек актыўна ўздзейнічае на новыя ўмовы і абставіны, кантралюе і рэгулюе іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры пэўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (змена работы і інш.). У псіхалагічных і сацыяльных адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў). Адаптацыйны сіндром, які ўзнікае пры гэтым, уяўляе сабой сукупнасць асноўных рэакцый і ў сваім развіцці праходзіць стадыі трывогі, супраціўляльнасці, аднаўлення. Сацыяльная адаптацыя цесна звязана з асваеннем і прыняццем індывідам нормаў і каштоўнасцей таго грамадства, да якога ён належыць, утвараючы адзіны працэс сацыялізацыі. Аднак калі сацыялізацыя працягваецца практычна ўсё жыццё, то адаптацыя можа мець лакальны маштаб і адбывацца ў кароткія тэрміны.
У працэсе сацыякультурнай адаптацыі індывід праступова прыстасоўваецца да патрабаванняў канкрэтнай культуры, усяго грамадства. Адным з найбольш важных момантаў адаптацыі з'яўляецца ўзгадненне ўласных поглядаў, стэрэатыпаў паводзін з рэальнымі магчымасцямі навакольнага фізічнага і культурнага асяроддзя.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7
- Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э.С. Дубянецкі; Маст. А.А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6