Скарбовы Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага
Скарбовы Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага — адміністрацыйная і судовая ўстанова ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая ажыццяўляла кантроль за даходамі і расходамі дзяржаўнага скарбу, разглядала справы, звязаныя з нявыплатай падаткаў дзяржаве.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 г. скарбовай камісіі ВКЛ, якая павінна была разлічыць польных пісараў, спадкаемцаў памёршых падскарбіяў, паборцаў і шафараў па ўсіх грашовых разліках, пачынаючы з часоў вялікага князя літоўскага і караля польскага Стэфана Баторыя. У склад камісіі ўвайшоў вялікі падскарбі ВКЛ, 4 сенатары і па 1 прадстаўніку з кожнага ваяводства ВКЛ. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 г. дэпутацыя з 2 сенатараў і 2 соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ, пачынаючы з разлікаў 1591 г. Соймам 1613 г. у Вільні створаны Скарбовы Трыбунал з тымі ж функцыямі, якому даручана выбраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609 г. У склад Скарбовага Трыбунала ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў (некаторых з іх абралі ўжо на сойме, астатнія былі выбраны на мясцовых сойміках). У часы Жыгімонта III Скарбовы Трыбунал склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631 гг., у часы Уладзіслава IV — у 1633, 1634, 1635 і 1647 гг.
У 1726 г. пастановай Гродзенскага сойма частка функцый Скарбовага Трыбунала перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. Скарбовы Трыбунал скасаваны з утварэннем у 1764 г. Скарбовай камісіі Вялікага княства Літоўскага.
Функцыі
[правіць | правіць зыходнік]Засядаў Скарбовы Трыбунал ў Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел прадстаўнікі войска. Скарбовы Трыбунал судзіў справы, якія датычылі войска, разглядаў скаргі цывільных на вайскоўцаў і, наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справазаачу Скарбоваму Трыбуналу па сваіх грашовых даходах і расходах.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Fіlіpczak-Kocur, A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. — Wrocław, 1994.
- Трыбунал Скарбовы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 527. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.